Галіна Тварановіч адзначыла 40-годдзе навуковай і выкладчыцкай працы (абноўлена)



На філалагічным факультэце Універсітэта ў Беластоку ўрачыста адзначылі юбілей 40-годдзя навуковай і выкладчыцкай працы доктара філалагічных навук Галіны Тварановіч.

Яна з 1999 працавала ва Універсітэце ў Беластоку. Шмат гадоў узначальвала тут аддзел беларусістыкі і ўсходнеславянскіх літаратур. Галоўны рэдактар часопіса «Усходнеславянскія даследаванні» («Studia wschodniosłowiańskie») і „Беластоцкая беларусістыка” („Białorutenistyka Białostocka”).

Шмат месца ў сваіх даследчыцкіх публікацыях прафесар Галіна Тварановіч прысвяціла беларускай літаратуры Беласточчыны і беларускаму аб’яднанню „Белавежа”:

– “Белавежа”, якая ўвайшла ў маё жыццё, так ужо даўным даўно. Уласна Ян Чыквін увёў мяне ў „Белавежу”, таму што сам жыў “Белавежаю”. І зразумела, што асоба, якая аказалася пры ім, не магла быць абыякавай, да яго захаплення, да яго ў пэўным сэнсе, дазволю сабе таўталогію, сэнсу жыцця.

Прафесар Галіна Тварановіч з’яўляецца таксама сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. Аўтарка паэтычных зборнікаў «Ускраек тысячагоддзя» (1996), «Верасы Дараганава» (2000), «Чацвёртая стража». Займаецца таксама перакладам з сербскай і польскай моваў.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток