Лукашэнка вучыць як варта вырашаць «канфлікты» ва Украіне, Азербайджане і Арменіі



«На воре и шапка горит», – пракаментаваў узурпатар улады ў Беларусі Аляксандр Лукашэнка трагедыю падрыву Кахоўскай ГЭС.

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА публікуе словы саманазванага прэзідэнта Беларусі: «Зразумела, што ўкраінскаму боку трэба было прытаіць тры дні «контрнаступу», дзе амаль дзве сотні машын было знішчана, і больш за дзве тысячы чалавек загінула. Таму Кахоўка, Кахоўка, а пра страты ніхто не гаворыць».

Яшчэ нядаўна Лукашэнка фігураваў у стужках навін у выглядзе жывога трупу. У інфармацыйным полі абмяркоўвалі ці ён здатны далей кіраваць сваёй крывавай дыктатурай. А тут вось троху аджыў на сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), якая пачалася 8-га чэрвеня ў Менску.

«Цярпенне і спробы знайсці вырашэнне пытання, каб было выгадна і Арменіі, і Азербайджану», – цытуе Лукашэнку БелТА.

У лістападзе 2020 году Азербайджан перамог Арменію ў другой Карабахскай вайне. Расея не дапамагла свайму васалу – Арменіі. А Турцыя наадварот – свайму малодшаму саюзніку, але не васалу, Азербайджану дапамагала ўзбраеннем, тэхналогіямі, лагістыкай і проста грашыма.

І вось прадстаўнікі саветаў бяспекі гэтых краін сядзяць перад Лукашэнкам, і слухаюць ягоныя парады як спыняць канфлікты.

А заадно ідэалагічнае шалупінне, паўторанае за расейскімі прапагандыстамі – хто ж падарваў Кахоўскую ГЭС.

Карціна фантасмагарычная.

Старой рэчаіснасці ўжо няма, а новая яшчэ не дафармавалася.

Ледзь жывы нясмешны блазен прыцягвае да сябе ўвагу. Думаю, Лукашэнка спадзяецца адседзецца ў кустах. Што за не ўдзел у наземнай аперацыі супраць Украіны яму шмат чаго даруюць.

Нядаўняе памілаванне Соф’і Сапегі можа быць адным з намёкаў Захаду, маўляў, мы яшчэ не такія закончаныя злыдні як Расея, з намі можна размаўляць.

Сядзенне на двух крэслах. То падыгрывае расейскай прапагандзе, то спрабуе паказаць, што вядзе незалежную палітыку.

Вырашэнне праблемы Лукашэнкі відавочна адкладзенае на другі план.

Дыктатар прытаіўся ў кустах, але яго ўсе бачаць. Проста разумеюць, што пакуль ён не такі небяспечны як Крэмль.

Тым часам «Белаграпрамбанк» перавёў валютныя карткі з амерыканскага даляра на кітайскі юань. 

У пачатку красавіка 2023 году аб замене валюты разлікаў па картках Mastercard паведамілі «Альфа Банк», «БНБ Банк», «Белгазпрамбанк» і «Статус Банк».

З палітычнага гледзішча спраўджваюцца прагнозы пра тое, што Лукашэнка паспрабуе адарвацца ад Расеі праз Кітай.

Крок адчаю перад немінучай расплатай.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя