“Беллегпрам” прадае сваю прадукцыю ў Еўропу праз Турцыю



Прадпрыемствы “Беллегпрама” летась пазбавіліся асноўных рынкаў. Разам з тым кампенсаваць страты ўдалося за кошт расейскага рынку, піша “Рэформ”. “Рынак Украіны, Еўразвяза і нават той жа Амерыкі з Канадай былі для некаторых нашых прадпрыемстваў высокамаржынальнымі рынкамі”, — сказала старшыня канцэрна Таццяна Лугіна на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

Найбольшыя складанасці ў пераарыентацыі паставак адчувалі “Аршанскі льнокамбінат”, “Віцебскія дываны” і “Добрушскі фарфоравы завод”. У іх экспарце пераважаў еўрапейскі кірунак. Старшыня канцэрна адзначыла, што некаторыя прадпрыемствы ўсё яшчэ працягваюць пастаўкі прадукцыі ў Еўропу. Ёсць каналы паставак праз Турцыю. У частцы імпарту складанасці ўзніклі з хімікатамі, фарбавальнікамі, апрацоўчымі рэчывамі. Большую частку прыйшлося замяніць. На дапамогу прыйшлі Турцыя і Індыя.

У 2023 годзе канцэрн плануе забяспечыць экспарт у 2 млрд даляраў.

Беларуская мытня затрымала 40 тон сэканд-хэнду

З Германіі і Польшчы на тэрыторыю ЕАЭС спрабавалі завезці больш за 40 тон адзення, якое было ва ўжыванні. Два выпадкі перамяшчэння буйных партый сэканд-хэнду па заніжаным кошце (больш чым у 2,5 разу) спынілі берасцейскія мытнікі ў пункце пропуску “Казловічы”.

Згодна з тавара-суправаджальнымі дакументамі, у грузавых аўтамабілях, якія належаць польскім перавозчыкам, перамяшчаліся дзве партыі б/к адзення на суму больш за 116 тыс. рублёў. Пры правядзенні мытнага кантролю і наступнага надгляду былі знойдзены арыгінальныя камплекты дакументаў, дзякуючы якім устаноўлены сапраўдны кошт тавару – больш за 300 тыс. рублёў. „Указанне ў дакументах недакладных звестак аб таварах магло б знізіць памер выплаты мытных плацяжоў у агульнай складанасці на 61 тыс. рублёў”, – паведамілі мытнікі. Цяпер парушальнікам пагражае штраф у памеры да 30% кошту тавараў.

У Польшчы адчуваецца сур’ёзны недахоп сезонных працаўнікоў

Польскія вытворцы садавіны шукаюць супрацоўнікаў у Непале, Інданезіі ды іншых краінах Азіі, і нават у Афрыцы. Нізкія стаўкі за працу, якія пачынаюцца ад 15 злотых за гадзіну (плюс пражыванне), не дапамагаюць ім прыцягваць людзей – піша Rzeczpospolita.

Сезонныя работнікі – некваліфікаваныя і толькі на абмежаваны час – патрэбныя вытворцам мяккай садавіны, напрыклад, клубніц ці маліны, а таксама гаспадаркам, дзе патрабуецца шмат людзей для цяжкай фізічнай працы падчас збору ўраджаю. З году ў год палякі ўсё менш ахвотна прымаюць такую працу. Колькасць украінцаў, якія працуюць у Польшчы, асабліва на сезонных работах, можа зменшыцца ў бліжэйшыя гады, патрэбны людзі з іншых краін.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: zviazda.by