Гутар пакіне „Аксу”



Беларускі галкіпер Аляксандр Гутар у хуткім часе пакіне „Аксу”, паведамляе Bysport. Гутар перайшоў у клуб з Паўладара 31 сакавіка, заключыўшы кантракт да канца 2023 года.

У красавіку правёў 3 матчы, у якіх прапусціў 6 мячоў. Пасля гэтага ён трапіў у запас, а затым і зусім перастаў трапляць у заяўку. У траўні „Аксу” перажыў змену галоўнага трэнера. Цяпер клуб узначальвае Вахід Масудаў, пры якім Гутар яшчэ ні разу не згуляў.

Белінгем перайшоў у мадрыдскі „Рэал”

Паўабаронца дортмундскай „Барусіі” Джуд Белінгем стаў гульцом мадрыдскага „Рэала”, паведамляе афіцыйны сайт „чмялёў”.

Сума трансферу складзе 103 мільёны еўра, яшчэ да 30% „Барусія” можа атрымаць у выглядзе бонусаў. Раней паведамлялася, што здзелка стане адной з найбуйнейшых у гісторыі двух клубаў. Паведамляецца, што кантакт гульца з „Рэалам” будзе дзейнічаць да 2029 года. 19-гадовы Белінгем згуляў за „Барусію” 31 матч у бягучым сезоне чэмпіянату Германіі, адзначыўшыся ў іх васьмю забітымі мячамі і пяццю  перадачамі. „Барусія” заняла другое месца ў Бундэслізе па выніках сезона, саступіўшы мюнхенскай „Баварыі” па дадатковых паказчыках пры роўнасці ачкоў.

Неймар можа вярнуцца ў „Барселону” пасля зрыву трансферу Месі

Бразільскі нападнік „ПСЖ” Неймар можа вярнуцца ў „Барселону”. Каталонскі клуб працягвае шукаць варыянты ўзмацнення клуба пасля зрыву трансферу аргенцінца Ліянэля Месі, які перайшоў у „Інтэр Маямі”.

Інфармуецца, што мэта „Барселоны” ў тым, каб падпісаць зорнага гульца. Адным з варыянтаў з’яўляецца Неймар. Аднак заробак 31-гадовага гульца і ўмовы, якія можа вылучыць „ПСЖ” па яго трансферы, рызыкуе ўскладніць магчымасць пераходу, перадае sport-express.ru. Неймар выступае за „ПСЖ” з 2017 года. Кантракт разлічаны да лета 2025 года. У мінулым сезоне ён прыняў удзел у 29 матчах ва ўсіх турнірах, у якіх забіў 18 галоў і зрабіў 17 выніковых перадач.

„Дэнвер” перамог „Маямі” і выйшаў наперад у фінале плэй-оф НБА

„Дэнвер” у трэцім матчы фінальнай серыі НБА ў гасцях перамог „Маямі” — 109:94. Цэнтравы „Дэнвера” Нікола Йокіч набірае ў сярэднім трыпл-дабл у плей-оф НБА-2022/23. Паказчыкі серба: 30,4 ачка, 12,9 падбора і 10,1 перадачы. Раней толькі Джэйсану Кіду ўдавалася набіраць у сярэднім трыпл-дабл у плэй-оф.

„Нагец” выйшлі наперад у серыі – 2-1. Чацвёрты матч серыі адбудзецца на паркеце „Хіт” 10 чэрвеня.

Каля 200 лёгкаатлетаў з Беларусі і Расіі прымуць удзел у турніры на прызы Юліі Несцярэнкі

У Берасці з 8 па 9 чэрвеня праходзіць адкрыты чэмпіянат Берасцейскай вобласці на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несцярэнкі. Для ўдзелу ў спаборніцтвах папярэдне зарэгістраваліся 195 спартоўцаў з Беларусі і Расіі. Да наймацнейшых лёгкаатлетаў рэспублікі далучацца кідальнікі молата і дыска з Масквы, Ніжняга Ноўгарада і Самарскай вобласці.

Спаборніцтвы пройдуць па 20 відах. Бегавыя прыме спартовы комплекс „Брэсцкі”. Плануецца, што ўдзел у цырымоніі адкрыцця прыме алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка.

Арганізатары „Уімблдона” адмовілі ў акрэдытацыі СМІ Беларусі і Расіі

Беларускія і расійскія тэнісісты выйдуць на лонданскія корты, але ў нейтральным статусе. Арганізатары Уімблдонскага тэніснага турніру прынялі рашэнне адмовіць у выдачы акрэдытацый беларускім і расійскім СМІ. Пра гэта інфармуе РІА „Навіны”. У канцы сакавіка было абвешчана, што тэнісісты з Беларусі і Расіі дапушчаныя да спаборніцтваў сёлета, але толькі ў нейтральным статусе. Акрамя таго, спартоўцам на турніры будзе забаронена выказваць падтрымку вайны ва Украіне. Не змогуць трапіць на лонданскія корты гульцы, якія атрымліваюць дзяржфінансаванне і сродкі ад кампаній, якія знаходзяцца пад кантролем улад.

Беларускае Радыё Рацыя