Што будзе з беларускай асветай за мяжой?
Беларуская адукацыя за мяжой мае на сёння розныя формы: гэта і традыцыйныя школы як Гімназія імя Францыска Скарыны ў Вільні, так і невялікія школкі выхаднога дня, якія цяпер функцыянуюць у некалькіх гарадах Польшчы.
Днямі ў Беластоку прайшоў першы Міжнародны дзень беларускай адукацыі, дзе абмяркоўвалі праблему адукацыі дзяцей як з беларускай дыяспары, так і з беларускай нацыянальнай меншасці. Па выніках гэтай сустрэчы Яна Запольская запрашае на размову з гасцямі.
Настаўніца Гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні – Алена Базюк.
РР: Некалькі слоў пра саму гімназію. Гісторыя багатая, але калі можна, то ў кароткай форме пра гэтую гімназію. Пра якую многія чулі, але не шмат можа і ведаюць.
– Мы жывем, вучымся, гадуемся 29-ць гадоў. Гісторыя гімназіі даходзіць сваімі каранямі, можна сказаць у мінулае стагоддзе, калі 1-га лютага 1919 года ў Вільні адкрылася Віленская беларуская гімназія, арганізаваная братамі Луцкевічамі. Гэта гімназія праіснавала 25-ць гадоў, пасля была зачынена ў час вайны. Толькі праз паўстагоддзя беларускае слова зноў загучала ў Вільні. Гэта нашчадкі тых беларусаў, якія ў даваенны і ваенны час арганізавалі нашу гімназію. Адным з іх быў Антон Луцкевіч, сын таго Луцкевіча, які арганізоўваў Беларускую гімназію раней. Адразу гэта была звычайная школка, якая мела №68. Пасля ў 1997 годзе было нададзена імя Францыска Скарыны. У 2013, пасля акрэдытацыі, мы атрымалі статус гімназіі. Дзе мы зараз жывем, вучымся, захоўваем свае традыцыі. У нас 12-ць класаў, з першага па дванаццаты, навучанне ідзе па літоўскіх праграмах. Мы практычна нічым не адрозніваемся ад іншых школ, але ў нас гучыць наша родная беларуская мова. Пачаткоўцы навучаюцца толькі па-беларуску. Безумоўна ёсць замежныя мовы, а з пятага класа такое білінгвістычнае навучанне, дзе вучні на беларускай і на літоўскай мове. Гэта ідзе для таго, каб здаць іспыты і пайсці ў жыццё. Шэраг прадметаў ужо ў старэйшых класах выкладаецца па-літоўску – маляванне, этыка, грамадзянскае выхаванне, фізкультура, фізіка. Ёсць дзве пачатковыя, дашкольныя лепш сказаць правільна, дзе маленькія дзеткі навучаюцца па-беларуску. Шэраг гурткоў на беларускай мове.
Намесніца старшыні аб’яднання АБ-БА – Ілона Карпюк:
РР: Наколькі важны Міжнародны дзень беларускай адукацыі?
– Разумею вартасць і вагу гэтага дня, толькі ў моманце, калі адкрывалі гэтую сустрэчу, бо пакуль рыхтаваліся да гэтага дня, то вядома ўзнікалі розныя пытанні. Працэс падрыхтоўкі быў вельмі кароткім, па праўдзе кажучы, для такога вялікага мерапрыемства, якое спалучае розныя мэты, інтарэсы розных асяроддзяў. Мы, беларуская супольнасць у Польшчы, на канферэнцыі таксама прысутнічаюць госці з Вільні, але гаворым пра „польскі панадворак”. З гэтага пункту гледжання беларуская меншасць – гэта асяроддзе, якое функцыянуе ў адных умовах, а ў іншых умовах, калі ідзе пра адукацыйны сэнс, функцыянуе беларуская дыяспара. Гэта першая спроба аб’яднаць гэтыя асяроддзі пры адным важным пытанні. Бо так, як сказаў падчас адкрыцця прафесар Латышонак: „Нам, беларусам меншасці, вельмі прыкра, калі нашы дзеткі ідуць на беларускую мову, а дзеткі з Беларусі, якія вучацца ў адной школе, у адным класе з імі, не ідуць на заняткі па беларускай мове. Гэтае пытанне ўжо адносна доўга вырашаецца, надта доўга, як на гэтую праблему. З другога боку бачым, што ў іншых гарадах Польшчы жывуць беларускія дзеці, якія прыехалі ў Польшчу, рознае зацікаўленне бацькоў да беларускай мовы вядома. Адны выхаваныя ў расейскамоўнай хатняй культуры і так далей. Яны пераязджаюць і тут асімілююцца з асяроддзем. Для іншых гэта важная жыццёвая справа, сямейная, нацыянальная. З увагі на гэтыя пытанні і на гэтыя праблемы, важна аб’ядноўваць сілы і досвед. Важна, што ў гэтай справе ёсць трэці бок, гэта той бок, які займаецца паланійнай адукацыяй у іншых краінах свету. Ёсць асяродак у Лондане, там вялікі досвед вядзення адукацыі для эмігрантаў. Важна пераймаць досвед гэтых людзей, гэтых навукоўцаў, гэтых практыкаў. Тое, што мы сёння аб’яднаныя ў Беластоку ў такой справе, тое што назвалі гэта Міжнародным днём беларускай адукацыі, гэта крыху нават гістарычны момант думаю. Гэта таксама вынік зменаў, якія адбываюцца. Мы бачым, што колькасць дзяцей меншасці разам з меншасцю, нягледзячы на вынікі перапісу насельніцтва, не расце надта хутка. Можа таму, што гэтая беларуская грамадскасць міграцыйная ў Польшчы, жыве побач з намі, то так доўга, як будзем адчуваць патрэбу падтрымання сваёй беларускай тоеснасці і будзем бачыць нашых суседзяў з Беларусі, якія жывуць зараз тут, для якіх тоеснасць і мова таксама важныя, то можа наша асяроддзе будзе мацнейшым.
Гасцямі Рацыі былі: намесніца старшыні аб’яднання АБ-БА – Ілона Карпюк, і настаўніца Гімназіі імя Францыска Скарыны ў Вільні – Алена Базюк.
Беларускае Радыё Рацыя