Сітуацыя з Мікалаем Статкевічам занепакойвае (абноўлена)



Вялікую занепакоенасць выклікае сітуацыя з асуджаным на шэсць гадоў зняволення Мікалаем Статкевічам. Раней яго пазбавілі атрымання чарговай харчовай перадачы і забаранілі сустрэчы са сваякамі.

Цяпер палітычны вязень, экс-кандыдат у прэзідэнты змешчаны ў памешканне камернага тыпу. 4 траўня Статкеіча чакае суд, які можа прыняць рашэнне пра замену рэжыму ўтрымання ў калоніі – на турэмны рэжым.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Цэнтар прававой трансфармацыі Lawtrend прынялі зварот з гэтай нагоды, а таксама заклікалі прадстаўнікоў міжурадавых арганізацый наведаць Статкевіча, і правесці маніторынг судовага пасяджэння.

* * *

Суд над  былым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Мікалаем Статкевічам, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове, прызначаны на 4 траўня. Пра гэта паведаміла яго жонка Марына Адамовіч.

Мікалая Статкевіча вінавацяць у парушэнні правілаў унутранага распарадку і непадпарадкаванні патрабаванням кіраўніцтва калоніі. На судзе будзе разглядацца пытанне аб змяненні яму рэжыму адбыцця пакарання з заменай на турэмны. Першапачаткова суд планаваўся на 28 красавіка, але затым яго перанеслі. Прычыны пераносу невядомыя, кажа Марына Адамовіч.

– 4 траўня адбудзецца суд. Гэта ўжо пагаршэнне ўмоў адбыцця пакарання. Ледзь не адбыўся суд без адвакатаў. Вось гэта была такая навацыя – не зразумелая сітуацыя, не магу гэта ніяк патлумачыць.

Раней камісія шклоўскай калоніі прыняла рашэнне адправіць Мікалая Статкевіча на турэмны рэжым да канца тэрміну пакарання. Па наяўнай інфармацыі, у палітыка як мінімум 13 спагнанняў, з якіх 10 – за адмову ад працы па ўборцы тэрыторыі. Паводле  закону такую працу павінны выконваць усе зняволеныя па чарзе не больш за дзве гадзіны ў дзень, але ў дачыненні да Мікаля Статкевіча гэтыя нормы не дзейнічалі, што ён расцэньвае як ўзаконены здзек. Праблемы з адміністрацыяй калоніі ў асуджанага палітыка пачаліся адразу пасля яго пераводу ў калонію з магілёўскай турмы. Пасля таго як Статкевіч напісаў заяву аб адмове ад работ, ціск узмацніўся.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя