Вайна ва Украіне: Трудо ў Кіеве, Олаф збіраецца пагутарыць з Пуціным



472-і дзень вайны. Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц збіраецца «найбліжэйшым часам» пагаварыць з Уладзімірам Пуціным. «Перамовы — гэта нармальна. Пытанне ў тым, хто з кім і пра што вядзе перамовы», — заявіў Шольц, выступаючы ў Нюрнбергу. Канцлер чарговы раз падкрэсліў, што галоўнай умовай «справядлівага міру» будзе вывад Расеяй сваіх войскаў з тэрыторыі Украіны. Апошнім разам прэзідэнт Расеі і нямецкі канцлер размаўлялі па тэлефоне ў снежні мінулага года, піша Bild. 

Фота: Valentyn Ogirenko / Pool via AP

Тым часам прэмʼер-міністар Канады Джастын Трудо прыбыў у Кіеў з неабвешчаным візітам, разам з ім прыляцела кіраўніца канадскага Міністэрства фінансаў Хрысця Фрыланд, паведамляе Reuters. Свой візіт Трудо пачаў з наведвання Міхайлаўскай плошчы і размешчанага там мемарыялу памяці абаронцаў Украіны. Трудо плануе сустрэцца з украінскім прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Мяркуецца, што яны абмяркуюць падтрымку Кіева з боку Атавы, у тым ліку аднаўленне Украіны.

Гэта другі візіт Джастына Трудо з пачатку вайны Расеі супраць Украіны. Мінулы раз канадскі прэмʼер наведваў Кіеў у траўні мінулага года. У Канадзе пражывае адна з найбуйнейшых украінскіх дыяспараў. З пачатку вайны Атава пастаўляе Кіеву ўзбраенні, надае фінансавую і гуманітарную дапамогу.

Беларускае Радыё Рацыя