«Там за лесам, за борам»
«Там за лесам, за борам» – так называецца фільм пра народную спявачку з вёскі Збуч, што на Падляшшы – Кацярыну Ціханюк. Стужка знятая відэастудыяй Музея малой Бацькаўшчыны ў Студзіводах і апавядае пра жыццё гераіні і яе народную творчасць.
Гаворыць адзін з аўтараў фільма – Дарафей Фіёнік:
– Сама назва фільму паходзіць ад веснавой песні «Там за лесам, за борам», якую спявалі на Падляшшы, у роднай вёсцы Кацярыны Ціханюк. Яна ў цэнтры гэтага фільму. Яе гісторыя жыцця пра прадаўжальнікаў традыцый. Без іх, без такіх людзей мы не мелі б таго, што маем, не атрымлі б у спадчыну таго багацця традыцый, спеўнай, музычнай і той мудрасці народнай.
Гераіня фільма Кацярына Ціханюк апавядае, як перажыла на Падляшшы Другую сусветную вайну і як пранесла праз усё жыццё скарб з народных песень, якія пераняла ад сваёй маці, а тая, у сваю чаргу, ад сваіх продкаў.
– Паказала свае песні, сваё жыццё, як прайшло, усё прыпомнілася. Цікава, можа, і каму, як было на самой справе. Як была тая акупацыя, як была вайна, як некаторыя людзі перажывалі гэта ўсё. Цяжкое было жыццё тады. Я была ў дзіцячым узросце тады, і нам было вельмі цяжка. Некаторыя проста пра гэта не ведаюць, можа, хто пачуе, што была такая гісторыя калісьці.
Фільм «Там за лесам, за борам» пра Кацярыну Ціханюк дэманстраваўся ўжо Бельскім доме культуры, а таксама ў вёсцы Чыжы, у ваколіцах якой пражывае яго гераіня.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя