На Херсоншчыне падтопленыя амаль паўсотні населеных пунктаў



На падкантрольнай Украіне тэрыторыі Херсонскай вобласці пасля падрыву Кахоўскай ГЭС як мінімум 27 чалавек лічацца зніклымі без вестак. 

Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку міністр унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка. На левым беразе Дняпра, падкантрольным Расеі, невядомы лёс 374 чалавек, паведамляе выданне «Агентство» са спасылкай на валанцёраў. Каардынатарка валанцёрраў распавяла, што ў базе застаюцца больш за 1700 заявак на эвакуацыю, кожная з якіх, як правіла, датычыцца некалькіх чалавек.

Паводле Ігара Кліменкі, агулам у Херсонскай вобласці падтопленыя 47 населеных пунктаў. Ужо эвакуявалі 2 620 чалавек, з якіх 160 дзяцей. 11 чалавек траўмаваныя ў выніку абстрэлаў падчас эвакуацыі, 4 чалавекі загінулі. У Мікалаеўскай вобласці падтоплены 31 населены пункт. Эвакуяваныя 936 чалавек, сярод якіх 167 дзяцей. 1 чалавек загінуў. На Днепрапятроўшчыне адсутнічае водазабеспячэнне ў больш як 89 тысяч абанентаў у 26 населеных пунктах, ім падвозяць пітную і тэхнічную ваду. 

Як вядома, Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў падрыве Кахоўскай ГЭС. Па просьбе выдання „Зеркало” гэты выпад пракаментаваў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк: „Шчыра кажучы, ужо стаміўся каментаваць анекдоты ў выкананні Лукашэнкі. Мне здаецца, што больш анекдатычнага персанажа ў гэтай вайне прыдумаць нельга”. Падаляк падкрэсліў, што ў Лукашэнкі няма ні доступу да актуальнай інфармацыі, ні разумення працэсаў, якія адбываюцца, і, як следства, адсутнічае магчымасць правільнага аналізу.

Беларускае Радыё Рацыя