Беларускія памежнікі не выпускаюць кубінскіх мігрантаў з мяжы
Група кубінцаў з шасці чалавек, якая прыбыла з Расеі на беларуска-польскую мяжу, не можа вярнуцца назад – іх не выпускаюць беларускія памежнікі.
Пра гэта інфармуе reform.by са спасылкаю на кубінскае выданне OnCuba. Кубінцы з Гаваны і Артэмісы прыбылі ў расейскую Казань і знаходзіліся там нейкі час. Пасля яны адправіліся ў Беларусь, заплацілі за пераход беларуска-польскай мяжы, але машына, якая павінна была іх чакаць на польскім баку, не прыехала. Потым іх затрымалі польскія памежнікі і выправілі назад на тэрыторыю Беларусі.
Па словах мігрантаў, зараз беларускія памежнікі не даюць ім выехаць у Менск, каб вярнуцца ў Расію. На мяжы яны знаходзяцца восем дзён. Адна з кубінак распавяла ў адным з паведамленняў да страты сувязі, што больш не можа хадзіць — у яе распухлі ногі з-за ўкусаў насякомых.
Цытата з ейнага паведамлення: „Мінулай ноччу прыйшлі беларускія ахоўнікі ў капюшонах і зноўку збілі нас. Калі яны ўбачылі, што я не магу ўстаць, яны схапілі мяне за валасы і шпурнулі, як ляльку. Мы толькі просім, каб нас выпусцілі адсюль. Мы заехалі ў Беларусь легальна. Мы просім дапамогі ў міжнародных арганізацый і пасольства Кубы. Калі ласка, выратуйце нас”.
Вядома, што кубінцы прыбіліся да групы іншых мігрантаў, у асноўным з Пакістана, Індыі і Сірыі, якія падзяліліся з імі ежай і намётамі. Апошняе вядомае месцазнаходжанне групы зафіксавана ў Камянецкім раёне Берасцейскае вобласці паміж вёскамі Малая Апака і Казімірава. Падчас апошняга кантакту яны дакладна не ведалі, дзе знаходзяцца, бо былі вымушаныя змяніць месца праз ціск беларускіх памежнікаў і не мелі інтэрнэту. Дзе яны цяпер, невядома.