Пад Запарожжам украінцы прарвалі першую лінію абароны расейцаў
473-і дзень вайны. Украінскія падраздзяленні здзейснілі прарыў у раёне Урэмеўскага выступу, стварыўшы пагрозу акружэння расейскіх войскаў і вымусіўшы іх без бою здаць вёскі Няскучнае і Благадатнае. Пра гэта піша „Агентство. Новости”.
Адначасова на поўдзень ад Запарожжа ўкраінцы ўзялі пад кантроль селішчы Лабковае і Ляваднае. Як паведаміў напярэдадні канал расейскіх ваенкараў „Рыбар”, у раёне Урэмеўскага выступу штурмавыя групы УСУ, а таксама марпехі аднавілі атакі на расейскія пазіцыі.
Баі ідуць у раёне вёскі Уражайнае, на рубяжы Навадараўка — Навасёлка, таксама УСУ спрабуюць падысці да Наваданецкага. Паводле інфармацыі канала, у выніку УСУ ўдалося „практычна без бою” заняць вёскі Няскучнае і Благадатнае — фармаванне „ДНР” „Каскад” адступіла праз пагрозу траплення ў акружэнне. Аналітык OSINTtechnical ацэньвае, што ўкраінскія войскі зайшлі на 7 км у тыл да расейскіх войскаў.
Нагадаем, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў суботу ўпершыню пацвердзіў контрнаступленне Украіны. Брытанская выведка паведаміла, што ўкраінскае войска за апошнія 48 гадзін прарвала першую лінію расейскай абароны ў некалькіх кірунках.
Паводле звестак спецслужбы, частка расейскіх сіл абаранялася, іншыя адступалі ў некаторым беспарадку. Амерыканскі ISW на аснове даступнай публічнай інфармацыі зрабіў выснову, што ўкраінскія войскі наступаюць як мінімум на чатырох участках фронту і дамагліся поспехаў у раёне Бахмута і ў заходняй частцы Данецкай вобласці.