Уладзіміру Марозу – 70
11 чэрвеня беларускаму празаіку, паэту, публіцысту, кінадраматургу, сцэнарысту, кінарэжысёру Уладзіміру Марозу спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння.
Уладзімір Мароз родам з Косава Івацэвіцкага раёна. Скончыў архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута і Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве. Прыйшоў у кінематаграфію ў 1981 годзе: працаваў старшым рэдактарам Дзяржкіно БССР, вядучым рэдактарам студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм». Потым быў намеснікам галоўнага рэдактара беларускага часопіса «Бярозка», вядучым рэдактарам дакументальнага кіно кінастудыі «Беларусьфільм», а з 2015 года – дырэктарам студыі дакументальнага кіно «Летапіс».
І пісьменніцкія, і кінематаграфічныя працы прысвечаны ў асноўным Беларусі. Аўтар кніг «Далікатнае дакрананне», «Голас», «Рэй», «Хутарскія зоркі», «Благадаць», кніг прозы і эсэ «Беларускі храм», «Менск старажытны і малады», «Менск. Верхні горад», «За брамай забытых мелодый», «Магілёў» і іншых.
Рэжысёр дакументальных фільмаў «І няхай нам вечным помнікам будзе», «Нафтавая жамчужына Беларусі», «Лазер Алфёрава», “Міфалагемы Радзімы, «Беларусьфільм 2010». Аўтар сцэнарыяў больш чым 60-ці дакументальных фільмаў, сярод іх – «Да добрае навучаньне …», «Кірыла Тураўскі», «Разважанне у палітры», «Іван Насовіч», «Філамат Томаш Зан», «Беларусь, свята праваслаўя», «Беларусь ― мая Радзіма», «Леў Сапега, канцлер», « Рэха збройнага чыну», «Браты Ермалавічы», «Успамін пра Міколу Равенскага», «За брамай забытых мелодый», «Крыж пры дарозе», «Сымон Будны. Паэма», «Крэва», «Гораду і свету», «Зорка Апанаса», «Беларускі крыж», «Галерэя», «Знакі лёсу. Віктар Казько», «Іван Мележ. Туманы над тванню», «Косава», «Свет Караткевіча», «Беларусь. 4 гады вайны» і іншых. Яго фільм «Успаміны пра Міколу Равенскага» адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (1994).
Шчыра віншуем Уладзіміра Вікенцьевіча з юбілеем! Жадаем яму здароўя, натхнення і сямейнага дабрабыту.
Беларускае Радыё Рацыя