62 замежнікі спрабавалі нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу
62 замежнікі спрабавалі ў суботу нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу. Сямёра з гэтых людзей, убачыўшы польскія патрулі, павярнулі назад у Беларусь. Сярод іх тры чалавекі, якія спрабавалі перасекчы памежную раку Ваўкушанку, – гаворыцца ў зводцы памежнага ведамства за мінулы дзень.
Нелегальныя мігранты паходзілі з Гамбіі, Самалі і Эфіопіі. Памежнікі затрымалі таксама восем гэтак званых кур’ераў. Гэта пяцёра грамадзян Узбекістана, двое грузінаў і ўкраінец, якія альбо ўжо перавозілі, альбо прыехалі забіраць мігрантаў, паведаміла памежная служба ў Twitter.
З пачатку года супрацоўнікі Польскай памежнай службы затрымалі больш за 360 чалавек, якія мелі дачыненне да арганізацыі незаконнага перасячэння ўсходняй мяжы. У асноўным гэта кіроўцы. Усяго з пачатку года органы памежнай службы зафіксавалі больш за 11 тысяч спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларусі ў Польшчу.