Больш за 300 дзён за кратамі палітвязень Сяргей Мацюхевіч
Звыш 300 дзён – столькі за кратамі знаходзіцца палітвязень з Берасця Сяргей Мацюхевіч. Яму прад’яўленыя абвінавачванні па арт. 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці ці варажнечы.
Індывідуальнага прадпрымальніка з Берасця Сяргея Мацюхевіча абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады і распальванні іншай сацыяльнай варожасці. На судзе высветлілася, што па першым артыкуле ўжо выйшаў тэрмін даўніны справы, таму мужчыну судзілі толькі па другому.
А менавіта палітвязня абвінавацілі ў тым, што 15 ліпеня 2020 года пры дапамозе тэлефона і Інтэрнэту ён нібы падахвочваў грамадзян да ўжывання гвалту ў дачыненні да сілавікоў. Як вынік суда — 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суддзя — Руслана Сянько.
Сяргей Мацюхевіч спачатку знаходзіўся ў СІЗА№6, а пасля быў пераведзены ў СІЗА№7. Таксама ў бягучым годзе яго дадалі ў спіс „асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, а таксама ў спіс „асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.
Беларускае Радыё Рацыя