Батумі: ва Украіне адбываецца экацыд



Больш за сотню чалавек выйшлі ўвечары 11 чэрвеня на плошчу Еўропы ў грузінскім Батумі, каб выказаць сваю пазіцыю адносна вайны ва Украіне.

Па словах удзельнікаў, расейцы пасля падрыву Кахоўскай ГЭС учынілі ва Украіне экацыд і пра гэта трэба распавесці, як жыхарам Батумі, так і гасцям гораду:

– Шмат турыстаў, турыстычны горад, шмат людзей прыязджаюць. Я думаю, што гэта карысна.

Беларусы павінны быць з украінцамі ў гэты момант і на працягу ўсёй вайны. Гэта справа ўсяго цывілізаванага свету. Калі гэтая імперыя пераможа, то будзе новая вайна. Адзіны наш шанец, гэта спыніць яе цяпер.

Думаю, што гэта важна, каб людзі не забывалі, бо час праходзіць, ужо не першы год, галоўнае ніколі пра гэта не забываць. Расея здзейсніла ва Украіне сапраўдны экацыд. Нам, беларусам, а таксама усяму свету, трэба іх падтрымліваць. Калі не падтрымаць, то гэта таксама адбудзецца ў іншых краінах.

Актывісты таксама правялі невялічкі перформанс, каб паказаць, як выглядаюць затопленыя ўкраінскія месцы, а пасля выканання гімнаў Украіны, Грузіі і Беларусі на імправізаванай сцэне з’явіўся вялікі ўкраінскі сцяг.

Беларускае Радыё Рацыя