Дзмітрый Балкунец: Ці быў наогул План «Перамога»?
Аб’яднаны Пераходны Кабінет выступіў з заяваю наконт сітуацыі ў арганізацыі «Байпол». Паводле прэс-рэліза, пагроз для канфідэнцыйнай інфармацыі, якая назапашваецца ў рамках Плана «Перамога», зараз няма.
Сітуацыю каментуе палітолаг Дзмітрый Балкунец:
-У гэтай сітуацыі людзі, якія заклікалі запісвацца ў гэты план, павінны публічна адказаць наконт таго, што і для чаго яны гэта рабілі. Таму што яны, верагодней за ўсё, уцягнулі грамадзян Беларусі ў маштабную палітычную авантуру. Я не выключаю, што гэты праект быў і з’яўляецца – у мяне ёсць вялікія падазрэнні, што гэта распрацоўка спецслужбаў Беларусі. Вось Кабінет выпусціў заяву, што ніякай уцечкі дадзеных не адбылося. А як яны могуць сказаць, што ўцечкі дадзеных не было, калі яны нават не ведалі пра гэтыя дадзеныя і як яны захоўваліся? Гэта пытанне бяспекі. Калі два гады таму яны запускалі План “Перамога”, чамусьці казалі, што зойме тры месяцы і так далей. Але два гады прайшло і ніякага Плану “Перамога” няма ў прынцыпе.
Па словах палітолага, праблемы, ці абароненыя дадзеныя тых, хто пісаў у чат-бот Плана «Перамога», невырашана. Адпаведна застаецца пытанне рэабілітацыі тых, хто мог пацярпець і трапіў у зняволенне ў Беларусі ў выніку імавернай уцечкі інфармацыі, якая назапашвалася ў рамках Плана «Перамога».
Беларускае Радыё Рацыя