Вадзім Мажэйка: Пуцін зараз дайшоў да свайго апошняга аргумента – ядзерная зброя



Ядзерная тэматыка актывізуецца перад самітам НАТА ў Вільні. Размяшчэнне расейскай ядзернай зброі ў Беларусі пачнецца адразу ж пасля завяршэння падрыхтоўкі збудаванняў для яе. А гэта 7–8 ліпеня, прагучала інфармацыя ад Уладзіміра Пуціна на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы.

Пытанне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі даўно лунае у інфармацыйнай прасторы, нагадвае палітычны аналітык Вадзім Мажэйка. Які тут бачыць больш спекуляцый. Ядзерная пагроза цяпер для Пуціна – самы важны аргумент, кажа палітолаг:

Можна ў прапагандзе на парадах дэманстраваць розную быццам бы магутную новую зброю. Але, як паказаў досвед, калі Украіна магла знішчыць расейскую ракету «Кінжал», якая лічылася гіпергукавой зброяй, непераможнай, а тут яе нават Украіна збіла, ужо не кажу пра ЗША. Таму выглядае, што адзіны апошні аргумент пра наймагутнейшую зброю, якая ёсць у Расеі, гэта старая ядзерная зброя з савецкіх часоў.

І паколькі Пуцін зараз дайшоў да свайго апошняга аргумента – ядзерная зброя. То гэты момант трэба расцягваць у часе, заўважае палітолаг Вадзім Мажэйка. Гучыць дата «ў пачатку ліпеня» і яна супадае з самітам НАТА, што плануецца ў Вільні 11-12 ліпеня.

Канешне, не дзіва, што гэта супадае з датамі саміту НАТА ў Вільні, бліжэй да Вільні прывезці ядзерную зброю, шантажаваць, пагражаць, гэта акурат тое, што трэба. Хоць зразумела, што ядзерная зброя гэта не пяхота, не танкі. Для ядзернай зброі сотні кіламетраў налева-направа мала што вырашае адносна хуткасці прыбыцця. Гэта сапраўды такі момант псіхалагічны. Ці будзе ядзерная зброя ў Беларусі – для мяне вялікі сумнеў.

Пра перасоўванне расейскай ядзернай зброі ў Беларусь Лукашэнка пачаў казаць яшчэ ў канцы траўня. Потым міністр абароны Віктар Хрэнін і яго расейскі калега Сяргей Шайгу 25 траўня падпісалі адпаведныя дакументы. У Еўропе тады заяўлялі, што там «вельмі ўважліва сочаць» за тым, як рэалізуецца дамоўленасць Менску і Масквы аб размяшчэнні ў Беларусі расейскай ядзернай зброі.

Беларускае Радыё Рацыя