Валер Кавалеўскі: Пытанне трэба вырашаць, бо тут закранаецца бяспека людзей
У Аб’яднаным пераходным кабінеце заяўляюць, што пакуль не выявілі ўцечкі інфармацыі з плану «Перамога». Таксама праводзіцца праверка па сітуацыі ўнутры арганізацыі BYPOL ды праходзіла медыяцыя паміж бакамі канфлікту ў прысутнасці кіраўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Сітуацыя складная, тут не атрымаецца адмаўчацца, кажа прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі. Пытанне трэба вырашаць, бо тут закранаецца бяспека людзей.
– Бачым, што гэты канфлікт працягваецца, што ён не спадае. Наша адказнасць, наш абавязак зрабіць так, каб вырашыць гэтую сітуацыю, але для гэтага спачатку трэба разабрацца ва ўсіх абставінах, зразумець што адбываецца. Бо найперш мы кажам, што гэта ўнутраная сітуацыя ў BYPOLе. Усе гэтыя працэсы, якія там адбываліся, для нас былі даступныя ўвесь час.
У BYPOL – скандал. Кіраўнік арганізацыі ды прадстаўнік кабінету па аднаўленні правапарадку — Аляксандр Азараў заявіў, што сацсеткі арганізацыі былі захопленыя. Зрабіў гэта, паводле Азарава, працаўнік BYPOL Мацвей Купрэйчык. Ён быў сярод некалькіх работнікаў, якія адмовіліся праходзіць паліграф і былі звольненыя. У сваю чаргу былыя супрацоўнікі абвінавачваюць Азарава ў фінансавых махінацыях.
Беларускае Радыё Рацыя