Роберт Тышкевіч: Прадпрымальнікі з Саколкі таксама атрымаюць кампенсацыі ў сувязі з закрыццём мяжы
Прадпрымальнікі з Саколкі маюць шанец на кампенсацыі ў сувязі з закрыццём памежных пераходаў. Памежны пераход Кузніца-Брузгі быў закрыты ў лістападзе мінулага года і адкрываць яго не плануецца. У сувязі з гэтым прадпрымальнікі гміны Кузніца, але і Саколкі згубілі свае фірмы, на якія працавалі гадамі.
Хаця кампенсацыі, згодна з указам падпісаным прэзідэнтам Польшчы 6 чэрвеня, тычацца выключна прыгранічных гмінаў, намаганнямі пасла Роберта Тышкевіча маюць таксама ахапіць і сакольскія прадпрыемствы.
– Дапамога павінна датычыць прадпрымальнікаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі гмін, якія мяжуюць з граніцай. Але ўказ пакідае ваяводзе магчымасць аказання дапамогі тым прадпрымальнікам, якія панеслі страты, але якія не дзейнічаюць непасрэдна побач з мяжой. І для мяне класічным горадам, які павінен атрымаць дапамогу, – гэта Саколка, горад, які ляжыць на трасе паміж сталіцай ваяводства і граніцай, на трасе міжнароднага транзіту з Еўропы ў Беларусь, горад, у якім многія людзі інвеставалі ў справы сродкі свайго жыцця і цяпер яны на мяжы банкруцтва.
Поўнасцю слухайце ў далучаным файле:
Паводле слоў пасла Роберта Тышкевіча, прадпрымальнікі могуць накіроўваць свае заявы аб кампенсацыі да канца чэрвеня. Як падкрэсліў лідар партыі ПО на Падляшшы, гэта не апошняе спатканне з прадпрымальнікамі з Саколкі.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя