Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Нідэрландах



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч перамагла на старце турніру катэгорыі WTA-250 у нідэрландскім Хертагенбосе з прызавым фондам 259 тысяч даляраў. У паядынку першага раунда адзіночнага разраду беларуска, якая займае 71-е месца ў сусветным рэйтынгу, выйграла ў італьянскай тэнісісткі Лукрэцыі Стэфаніні, у якой 111-я пазіцыя, – 6:0, 6:3. У гульні за трапленне ў чвэрцьфінал суперніцай Аляксандры Сасновіч будзе бельгійская тэнісістка 120-ы нумар рэйтынгу WTA Грэцье Мінэн.

Яшчэ адна беларуска Вікторыя Азаранка у стартавым матчы перамагла сербскую тэнісістку Наталлю Сцяванавіч – 7:6 (7:5), 6:2. У 1/8 фіналу Азаранка згуляе з амерыканкай Эшлін Кругер.

Футбалісты зборнай Беларусі правялі першую трэніроўку ў Будапешце

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі правялі першую трэніроўку ў Будапешце перад адборавымі матчамі чэмпіянату Еўропы.
Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера беларускай каманды Георгія Кандрацьева да сустрэч са зборнымі Ізраіля і Косава рыхтуюцца 23 гульцы. Згодна з рашэннем УЕФА зборная Беларусі праводзіць свае хатнія сустрэчы кваліфікацыі Еўра-2024 на нейтральных палях без гледачоў. На гэты раз беларускія футбалісты згуляюць на арэне „Феранца Сусы” ў Будапешце: 16 чэрвеня супраць зборнай Ізраіля і 19 чэрвеня супраць каманды Косава.
На старце турніру ў кваліфікацыйнай групе I беларусы прайгралі Швейцарыі 0:5 і Румыніі 1:2.

„Арсенал” заплаціць больш за 100 мільёнаў фунтаў за паўабаронцу „Вест Хэма”

„Арсенал” і „Вест Хэм” абмяркоўваюць умовы трансферу Дэклана Райса.
Клубы блізкія да ўзгаднення сумы выкупу гульца, паведамляе The Guardian. Чакаецца, што „Арсенал” заплаціць за паўабаронцу больш за 100 мільёнаў фунтаў, калі будуць дасягнуты пэўныя ўмовы выплаты бонусаў. „Вэст Хэм” змірыўся з тым, што страціць Райса, а „Арсенал” гатовы зрабіць яго самым дарагім гульцом у сваёй гісторыі. Афіцыйная прапанова яшчэ не пададзена, але перамовы паміж клубамі прасоўваюцца добра, і ёсць упэўненасць, што здзелка будзе закрыта ў бліжэйшы час.

Блізнюк пакінуў „Мінск” і працягне кар’еру ў „Лакаматыў-Кубань”

Разыгрываючы зборнай Беларусі Уладзіслаў Блізнюк пакідае баскетбольны клуб „Мінск”, — паведамляе афіцыйны сайт мінчан.

Улад з’яўляецца выхаванцам сістэмы клуба, неаднаразова быў адзначаны Беларускай федэрацыяй баскетбола як найлепшы абаронца, шматразова ў складзе асноўнай каманды станавіўся чэмпіёнам Беларусі і ўладальнікам Кубка Беларусі.
У мінулым сезоне Улад згуляў у 31 матчы Адзінай лігі ВТБ, у сярэднім праводзячы на пляцоўцы 30.5 хвілін, набіраючы 11.8 ачка і здзяйсняючы 1.9 падбора, 4.4 перадачы і 1.2 перахопу. Неаднаразова абаронца „Мінска” трапляў у топ лігі па розных паказчыках.
Блізнюк працягне кар’еру ў шэрагах віцэ-чэмпіёна Адзінай лігі ВТБ клуба „Лакаматыў-Кубань” з Краснадара. Як паведамляе „Перахоп”, бакі ўзгаднілі кантракт па схеме „2+1”. „Лока” будзе першым небеларускім клубам для Уладзіслава.

Шчэпанава заваявала бронзу Гран-пры па цяжкай атлетыцы ў Гаване

Беларусы працягваюць браць медалі на турніры Гран-пры па цяжкай атлетыцы ў Гаване, які з’яўляецца адным з кваліфікацыйных турніраў да Алімпіяды-2024. У спаборніцтве жанчын у вагавай катэгорыі да 59 кг беларуская спартоўка Аліна Шчэпанава заваявала бронзавы медаль, набраўшы ў суме двубор’я 215 кг (95+120). Першае месца заняла мексіканка Джанэт Гомес Валдзівія – 223 кг, срэбра ў амерыканскай спартоўкі Ніколь Уілкінс – 221 кг. Да гэтага ў мужчын беларус Андрэй Фралоў заваяваў бронзавы медаль. Чэмпіён Еўропы Генадзь Лапцеў стаў срэбраным прызёрам. У Гаване выступаюць 13 беларускіх спартоўцаў – 8 мужчын і 5 жанчын, яны спаборнічаюць у нейтральным статусе.

Беларускае Радыё Рацыя