Расейкі разграмілі беларускіх баскетбалістак
Жаночая зборная Беларусі па баскетболе з разгромным лікам 50:104 прайграла камандзе Расеі на міжнародным турніры Кубак Пары-2023.
Самым выніковым гульцом у складзе каманды Наталлі Трафімавай стала Яна Макуца, якая набрала 10 ачкоў. У дружыне расеек дзесяціачковую мяжу пераадолелі адразу некалькі баскетбалістак. Самай дакладнай з іх апынулася Анастасія Зоткіна — 16 ачкоў.
Івашка прайграў у 1/16 фіналу тэніснага турніру ў Нідэрландах
Беларускі тэнісіст, 87-ы нумар сусветнага рэйтынгу, Ілля Івашка пацярпеў паразу на старце турніру ў нідэрландскім Хертагенбосе. У паядынку 1/16 фіналу беларус сустракаўся з амерыканцам, 68-й ракеткай планеты Макензі Макдональдам і саступіў у дзвюх партыях – 4:6, 3:6. У другім раундзе супернікам Макдональда будзе 15-ы ў сусветным рэйтынгу харвацкі тэнісіст Борна Чорыч.
„Іслач” не згуляе ў еўракубках з-за „дамоўняка” 2016 года
Футбольны клуб „Іслач”, які з улікам спартовых вынікаў мінулага года кваліфікаваўся ў Лігу канферэнцый сезона-2023/24, паспяхова прайшоў ліцэнзаванне ўнутры краіны. Затым для пацверджання ўдзелу заяўка „ваўкоў” была адпраўлена ва УЕФА. Для „Іслачы” гэтае трапленне ў еўракубкі стала дэбютным на прафесійным роўні, таму ўвесь пакет дакументаў (заяўка, гісторыя, выкананне крытэрыяў) правяраўся дастаткова сур’ёзна. Каб атрымаць допуск да еўракубкаў, патэнцыйны ўдзельнік павінен адпавядаць аднаму з важных крытэраў рэгламентуючых дакументаў УЕФА: пісьмова пацвердзіць, што клуб не быў наўпрост і (або) ускосна ўцягнуты ў якую-небудзь дзейнасць, скіраваную на арганізацыю дамоўнага матча або ўплыву на яго зыход на нацыянальным ці міжнародным роўні. Такім чынам, „Іслач” зноў была пакараная за гісторыю 2016 года, калі некаторыя гульцы і прадстаўнік трэнерскага штаба апынуліся датычныя да дамоўнага матчу з берасцейскім „Дынама”, толькі гэтым разам на роўні Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый. Клуб з Менскага раёна прымае гэтае рашэнне і не будзе яго аспрэчваць у Спартовым арбітражным судзе, — паведамляюць сацсеткі „ваўкоў”.
„Барселона” практычна завяршыла трансфер маладога бразільскага форварда
„Барселона” дасягнула дамоўленасці аб пераходзе нападніка Віктара Роке. Пошук новай „дзявяткі” — адна з галоўных мэт „Барсы”. У Роберта Левандоўскага на гэты момант няма натуральнай замены. Да таго ж паляку хутка споўніцца 35, і клубу даводзіцца думаць пра будучыню.
Пераемнікам верагодна, стане Вітар Роке. Маладая зорка „Атлетыка Паранаэнсе” даўно ўваходзіць у арбіту інтарэсаў каталонскага клуба.
Чэмпіёны Іспаніі пагадзіліся заплаціць за 18-гадовага нападніка каля 40 мільёнаў еўра. Роке адправіцца на „Камп Ноў” толькі тады, калі клуб знойдзе месца ў бюджэце заработнай платы. У гэтым сезоне Роке правёў 25 матчаў за „Атлетыка Паранаэнсе”. Ён забіў дзесяць мячоў і зрабіў пяць перадач. У сакавіку ён дэбютаваў за зборную Бразіліі.
„Вегас” упершыню стаў уладальнікам Кубка Стэнлі
„Вегас Голдэн Найтс” на сваім лёдзе разграміў клуб „Фларыда Пантэрз” у пятым матчы серыі фіналу плэй-оф НХЛ — 9:3. Самымі выніковымі гульцамі сустрэчы сталі нападнікі пераможцаў Марк Стоўн і Джэк Айкел. У першага ў актыве хет-трык, Стоўн і Айкел зрабілі па тры выніковыя перадачы. „Вегас” выйграў серыю з агульным лікам 4-1 і ўпершыню ў сваёй гісторыі стаў уладальнікам Кубка Стэнлі.
Беларускае Радыё Рацыя