LIDBEER вяртаецца ў Ліду
2 верасня фэст LIDBEER збярэ дзясяткі тысяч беларусаў у адным месцы, каб адсвяткаваць 700-годдзе Ліды. У гонар гэтай значнай даты фэст будзе бясплатным, пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе. Галоўным адрозненнем LIDBEER-2023 ад мінулых фэстаў стане яго абноўлены фармат пад слоганам „Аб’ядноўваем розных”. Лідзян і гасцей горада чакаюць адразу некалькі фэстаў у адным: музыкі, ежы і феерверкаў. На цэлы дзень Ліда ператворыцца ў велізарную пляцоўку з квэстамі, фуд-кортамі, зонамі адпачынку і, вядома ж, з музыкай.
У гэты раз музыка будзе гучаць не з адной сцэны, як гэта было на папярэдніх фэстах, а з трох. Традыцыйны рок-фэст дапоўняць поп і фолк выканаўцы, а каля замкавай сцяны на працягу ўсяго дня будуць граць DJ-сэты. Падчас выступаў можна будзе папесціць сябе смачнай ежай. На тэрыторыі фэсту размесцяцца каля 200 розных ятак, прычым не толькі са звыклым і любімым многімі фастфудам. Нават самыя спрактыкаваныя гурманы знойдуць штосьці па гусце: тут і веганскія стравы, і карысная ежа, а яшчэ разнастайнасць нацыянальных кухняў.
Упершыню ў рамках LIDBEER пройдзе фэст феерверкаў. Іх будзе на свяце шмат: апроч вялікага вячэрняга завяршальнага салюту, можна будзе нацешыцца і некалькімі дзённымі.
LIDBEER-2023 абяцае аб’яднаць дзясяткі тысяч людзей з рознымі густамі і стаць для кожнага святам, напоўненым яркімі эмоцыямі і незабыўнымі ўражаннямі.
Беларускае Радыё Рацыя