Марына Леваценка пра прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі



Прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі працягвае сваю працу ў Брусэлі. Офіс адкрыў дзверы для наведвальнікаў крыху больш за тры месяцы таму.

За гэты час адбылася фотавыстава „Шлях Свабоды”, прысвечаная Міколу Статкевічу, выстава партрэтаў палітвязняў, выкананых Ксішы Анёлавай, імпрэза-перформанс „Беларускія палітвязні гавораць”, падрыхтаваная гісторыкам Наталляй Гарковіч, ды шмат чаго іншага, – распавяла „Госця Рацыі”, прадстаўніца офісу Марына Леваценка ў гутарцы з Алісай Поль:

РР: Якія цяпер прыярытэтныя накірункі дзейнасці застаюцца для дыяспары і чаму?

– Тое, што ў Беларусі плануецца размяшчэнне ядзернай зброі і тое, што Лукашэнка наведаў Пуціна, яны нават абмеркавалі дакладныя даты, калі будзе размешчана. Таму і дыяспара далучаецца да такога праекта, да мітынгу, дэманстрацыі, якая адбудзецца ў Брусэлі 19-га чэрвеня, у панядзелак, каля беларускай амбасады. Мы павінны ўсе разам выказаць сваё „не”, бо гэта небяспека для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы.

РР: Ці працягвае працу ваш офіс? Калі так, то па якіх накірунках?

У офісе праходзіць вельмі шмат розных мерапрыемстваў. Часам іх нават зашмат, бо гэта культурніцкія і палітычныя мерапрыемствы. Я думаю, што ўлетку будзе невялікі перапынак, а так і канцэрт Андруся Такінданга ў нас адбыўся. 31-га траўня, у дзень затрымання Міколы Статкевіча, калі было тры гады, то ў офісе была адкрыта выстава „Шлях свабоды”, якая была прысвечана менавіта Міколу Статкевічу. Гасцямі і ўдзельнікамі гэтага мерапрыемства былі вядомыя беларускія палітыкі, а таксама прадстаўнікі дыяспары, былі прадстаўнікі міжнародных арганізацый. Гэту выставу адкрываў дэпутат Еўрапарламента Ёзаф Алекас. Таксама была выстава прысвечаная ўсім палітвязням. Былі малюнкі вядомай мастачкі Ксішы Анёлавай, якая намалявала ўжо больш за 500 партрэтаў беларускіх палітвязняў, гэта была вялікая падзея. Таксама была імпрэза, перформанс „Беларускія палітвязні гавораць”, якая была арганізавана гісторыкам Наталляй Гарковіч. Таму самае галоўнае зараз звяртаць увагу і не забывацца пра тых, хто знаходзіцца ў няволі за кратамі. Мне падаецца, што гэта застаецца самым галоўным нашым болем для ўсіх беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года, якія цяпер пакараныя і тыя, хто з’ехаў, а таксама тыя, хто застаўся. Толькі агулам мы можам прыцягнуць увагу да нашай праблемы. Канешне цяпер украінская праблема, яна настолькі велізарная, што Беларусь ужо застаецца са сваімі праблемамі дзесьці далёка. Таму, каб нам звяртаць на гэта ўвагу, што людзі за кратамі, пазбаўленыя ўсіх чалавечых правоў. Там недазволена нічога – лісты, перадачы, сустрэчы. Адсутнічаюць любыя правы чалавека, таму мы павінны звярнуць увагу. Вось гэта ў офісе і адбываецца пры кожнай магчымасці.

РР: Якія дасягненні мае офіс?

– Тое, што ў офісе ўжо адбылося шмат выстаў. Тое, што там праходзілі прэзентацыі фільмаў. Тое, што прымалі ўдзел міжнародныя арганізацыі. Тое, што туды заходзяць еўрапейскія палітыкі. Тое, што зараз звярнулі ўвагу мясцовыя палітыкі на мітынгі і дэманстрацыі, якія ладзяцца каля амбасады Беларусі ў Брусэлі. Я лічу, што гэта дасягненне менавіта і дыяспары, Офісу Святланы Ціханоўскай ды кожнага беларуса, які прымаў удзел у тым ці іншым мерапрыемстве.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Як адзначыла Марына Леваценка, афіцыйнае адкрыццё прадстаўніцтва адбылося 1 сакавіка 2023, а кантракт на памяшканне ў цэнтры Брусэля быў падпісаны 13 кастрычніка 2022 года.

Беларускае Радыё Рацыя