У Варшаве адбылося ўрачыстае ўручэнне медалёў „Гонар і годнасць”
Святлана Ціханоўская ў Варшаве ўручыла дзевяць медалёў „Гонар і годнасць” блізкім загінулых актывістаў, а таксама ваяроў, якія абаранялі Украіну.
Сярод узнагароджаных – Раман Бандарэнка (памёр 12 лістапада 2020 года пасля збіцця на „плошчы Перамен”) і Мікіта Крыўцоў (знік 12 жніўня 2020 года, праз 10 дзён яго знайшлі павешаным, але родныя ўпэўненыя, што яго забілі).
Імёны астатніх сямі ўзнагароджаных Офіс Ціханоўскай не называе. Паводле Ціханоўскай, узнагароджаныя гэтым медалём людзі “у найцяжэйшы за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі час, сваёй мужнасцю, сваёй бясконцай адданасцю Радзіме і сваёй самаахвярнасцю ўратавалі гонар і годнасць нашага народа”.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Падзея прайшла ў бальнай зале палаца Тышкевічаў-Патоцкіх.
Медаль „Гонар і Годнасць” – першая ўзнагарода Беларусі, заснаваная пасля Рэвалюцыі Годнасці 2020 года па ініцыятыве грамадзянскай супольнасці Беларусі. Распрацаваны Абʼяднаным Пераходным Кабінетам разам з Геральдычнай Радай, гэта першы медаль Вольнай Беларусі, якім узнагароджваюць грамадзян, што змагаліся за свабоду, нацыянальныя каштоўнасці, дэмакратыю і правы чалавека.
Уручэнне ўзнагарод правяла абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская.
Беларускае Радыё Рацыя