Паўлюк Быкоўскі: Да размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі рыхтаваліся загадзя



У нашым эфіры абмяркуем інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі Вользе Скабеевай – вядомай расейскай прапагандыстцы.

З гэтага інтэрв’ю прагучала вядомая пазіцыя Лукашэнкі адносна расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, а таксама Лукашэнка расказаў, што яго сын Мікалай зараз вучыцца ў Кітаі, у Пекінскім універсітэце.

З намі на сувязі Паўлюк Быкоўскі – аналітык праекта MediaIQ.

РР: Здаецца, невыпадковая размова са Скабеевай, асабліва на фоне таго, што пра расейскую ядзерную зброю ў Беларусі зараз багата гаворыцца. Хоць з іншага боку, Скабеева – журналістка, яна проста магла прыляцець у Менск узяць інтэрв’ю ў Лукашэнкі.

Паўлюк Быкоўскі: Безумоўна, што і беларуская, і расейская прапаганда выкарыстоўваюць тэму з’яўлення ў Беларусі тактычнай ядзеранай зброі як інструмент запужвання з аднаго боку, бо яны хочуць паказаць, што ёсць магчымасць паўплываць на краіны, якія знаходзяцца побач з Беларуссю. Ну і сама па сабе тэма ядзернай зброі даволі актыўна выкарыстоўвалася ў перыяд 2022 году, калі трэба было пераключыць увагу ад таго, што расейскі бліцкрыг не атрымаўся. І раптам сталі гаварыць пра ядзерную зброю. Уласна кажучы, для Беларусі гэтая тэма з’явілася не такой ужо навіною. Лукашэнка перыядычна казаў пра тое, што ён даўно хацеў, каб была ядзерная зброя. Нагадаю, што адбыўся так званы рэферэндум па змене Канстытуцыі, але ў гэтым рэферэндуме было пытанне, якое тычылася ядзернай зброі. І ў прыватнасці там было выкрэслена пазіцыя таго, што Беларусь імкнецца стаць нейтральнай і без’ядзернай. І паколькі гэты рэферэндум быў у лютым 2022 года, відавочна, што да гэтага рыхтаваліся загадзя. І хоць гаварыць так актыўна пра тое, што Беларусь пераўтвараецца ў мішэнь, нават апазіцыя так асабліва не гаварыла, а ўлады ўвогуле стараліся пераключыць увагу на нейкія іншыя пытанні.

Тое, што адкрылася магчымасць для размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі, адбылося без вялікай грамадскай ўвагі. Напэўна, яна можа з’явіцца зараз. Вы сказалі, што магчыма прыезд Скабеевай у Беларусь ёсць пэўным сігналам, яна адная з важных тэлевізійных фігур расейскай прапаганды. У 2021 годзе падобным чынам гендырэктар МІА “Россия сегодня” Дзмітрый Кісялёў у Лукашэнкі запытаўся, як ён ставіцца да магчымага размяшчэння ядзернай зброі на ўсход ад Германіі, і злавіў яго на слове, што ён тады папросіць у Пуціна ядзерную зброю. І відавочна, што ні Кісялёў тады, ні Скабеева зараз не рабілі гэта проста так, што прымроілася такая ідэя запытацца ў Лукашэнкі. Гэта ёсць цалкам сёр’ёзная рэдакцыйная палітыка, з аднаго боку. З другога боку, гэта накірунак дзейнасці прапаганды. Такім чынам інтэрв’ю Скабеевай рабілася на фоне “паланэзаў”, гэтыя “паланэзы” быццам бы могуць быць узброены ядзернай зброяй. І Лукашэнка наўпрост казаў пра такія рэчы, што з аднагао боку, не дай Бог, трэба будзе прымяняць гэтую зброю, але ён падрабязна расказваў, колькі людзей загінула ад прымянення ядзернай зброі ў Хірасіме і Нагасакі. І відавочна, што гэта была гульня на тым, што людзям павінна быць страшна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя