Дыяна Майсеевіч заваявала золата Гран-пры па цяжкай атлетыцы ў Гаване
Беларусы заваявалі першае золата на турніры Гран-пры па цяжкай атлетыцы ў Гаване, які з’яўляецца адным з кваліфікацыйных турніраў да Алімпіяды-2024. Беларуска Дыяна Майсеевіч, якая выступала ў вагавай катэгорыі да 64 кг, набрала ў суме двубо’я 210 кг.
-
Фота: МАК Беларусі
У рыўку яна была другой з вынікам 94 кг, а ў штуршку заняла першае месца – 116 кг. Усяго ў Гран-пры бяруць удзел больш за 400 цяжкаатлетаў з 72 краін.
Азаранка выбыла ў 1/8 фіналу турніру ў Нідэрландах
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка завяршыла выступы на турніры катэгорыі WTA-250 у нідэрландскім Хертагенбосе з прызавым фондам 259 тысяч даляраў. У другім раундзе беларуска, у якой 19-я пазіцыя ў сусветным рэйтынгу, саступіла амерыканцы Эшлін Кругер, якая займае 152-е месца ў рэйтынгу WTA, – 3:6, 2:6. Сустрэча працягвалася гадзіну 11 хвілін.
„Хершы” Протаса выйграў трэці матч фіналу плэй-оф АХЛ
У рамках фіналу чэмпіянату АХЛ „Хёршы” выйграў трэці матч фінальнай серыі — 5:4 у авертайме. Лік у серыі стаў 1:2. Беларускі нападнік „Хершы” Аляксей Протас выніковых балаў у матчы не набраў. Форвард адзначыўся адным кідком і завяршыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „0”. Наступны матч каманды правядуць на хатнім лёдзе „Хершы” 16 чэрвеня ў 2.00 па беларускім часе.
Сякерын перайшоў з „Гомеля” ў менскае „Дынама”
Малады беларускі нападнік Іван Секерын перайшоў з „Гомеля” ў менскае „Дынама”. „Тэрмін дзеяння кантракта з выхаванцам гомельскай хакейнай школы разлічаны на тры гады. У мінулым сезоне форвард правёў 60 гульняў за „Гомель” у чэмпіянаце Беларусі, зарабіўшы 38 (11+27) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+17”. У Кубку Салея нападнік згуляў 8 паядынкаў і набраў 3 (2+1) ачкі. Таксама ў актыве гульца тры матчы ў Кантынентальным кубку і адна закінутая шайба. У складзе „рысяў” Іван станавіўся срэбраным прызёрам чэмпіянату Беларусі ў сезоне-2020/21.
Спартоўцы „Мінска” зраўнялі лік у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве
Спартоўцы „Мінска” зраўнялі лік у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве з берасцейскім „Будаўніком”. Пасля двух паразаў у Берасці- 1:2 і 2:4 мінчане на сваёй арэне ў парку імя Горкага здолелі ўзяць рэванш – 5:2. Такім чынам, лёс залатых медалёў нацыянальнага першынства вырашыцца 18 чэрвеня ў Берасці ў пятым паядынку серыі за чэмпіёнскі тытул.
Футбалісты Нідэрландаў і Харватыі згуляюць у першым паўфінале Лігі нацый
У Ратэрдаме стартуе вырашальны этап трэцяга сезона Лігі нацый УЕФА. У першым паўфінальным матчы гаспадары турніру футбалісты зборнай Нідэрландаў сустрэнуцца з камандай Харватыі. Заўтра ў Энсхедзе згуляюць зборныя Іспаніі і Італіі. Пераможцы паўфінальных сустрэч 18 чэрвеня разыграюць галоўны прыз, а няўдачнікі паспрачаюцца за трэцяе месца.
Беларускае Радыё Рацыя
