Сасновіч выйшла ў 1/4 фіналу турніру ў Нідэрландах



Беларуска Аляксандра Сасновіч прабілася ў чвэрцьфінал турніру катэгорыі WTA-250 у нідэрландскім Хертагенбосе з прызавым фондам 259 тысяч даляраў. У паядынку другога раунда адзіночнага разраду беларуска за дзве гадзіны адолела бельгійскую тэнісістку Грэцье Мінэн – 6:2, 4:6, 6:3.

Футбалісты Харватыі прабіліся ў фінал Лігі нацый

Футбалісты зборнай Харватыі першымі прабіліся ў фінал трэцяга сезона Лігі нацый УЕФА. У стартавым паўфінальным паядынку ў Ратэрдаме харваты адолелі гаспадароў турніру – футбалістаў зборнай Нідэрландаў – з лікам 4:2. Асноўны час завяршыўся ўнічыю – 2:2, а ў дадатковыя паўгадзіны Бруна Петкавіч і Лука Модрыч (з пенальці) двойчы забілі ў браму Юстына Бейла. Супернік харвацкай каманды па фінальным матчы вызначыцца сёння ў Энсхедзе пасля сустрэчы зборных Іспаніі і Італіі. Пераможцы паўфінальных сустрэч 18 чэрвеня разыграюць галоўны прыз. Зборная Беларусі ў гэтым сезоне Лігі Нацый выступіла няўдала, заняўшы 4-е месца ў групе 3 лігі С, прапусціўшы наперад каманды Казахстана, Азербайджана і Славакіі.

Нікуленкаў узначаліў гандбалістаў менскага СКА

Дзмітрый Нікуленкаў стаў новым галоўным трэнерам гандбалістаў менскага СКА. Былы настаўнік армейцаў Ігар Папруга, які ўзначальваў каманду з 2016 года, застаўся ў клубе на пасадзе спартовага дырэктара. Для 38-гадовага Дзмітрыя Нікуленкава гэта першы вопыт у якасці галоўнага трэнера, да гэтага, з 2020 года, ён быў асістэнтам Ігара Папругі. Будучы гульцом, Нікуленкаў выступаў у менскіх клубах „Аркатрон”, „Дынама”, польскім „Віве” з Кельцэ, БГК імя Мяшкова, а завяршыў гульнявую кар’еру ў СКА. Ён з’яўляецца 9-разовым чэмпіёнам Беларусі, у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі правёў 119 матчаў, закінуўшы 205 мячоў.

Старшым трэнерам жаночай зборнай па біятлоне стаў 28-гадовы Раман Малуха

Жаночую зборную Беларусі па біятлоне ўзначаліў 28-гадовы трэнер Раман Малуха. Ён замяніў на гэтай пасадзе Алега Рыжанкова, паведамілі ў праграме „Спорт-кадр” на тэлеканале „Беларусь 5”.

Памяняць старшага трэнера вырашыла кіраўніцтва нацыянальнай федэрацыі. Па словах ужо былога старшага трэнера Алега Рыжанкова, Малуха працаваў з юніёркамі, якія ў гэтым сезоне прыйшлі ў нацыянальную зборную. Таму яго і ўключылі ў каманду. „Іра Лешчанка будзе працаваць са сваім асабістым трэнерам, Ганна Сола рыхтуецца ў складзе нацыянальнай каманды, але па індывідуальнай праграме. Атрымліваецца, як такой агульнай каманды няма, не атрымаецца ўсіх рыхтаваць па адных лекалах. Таму было вырашана прызначыць адказным Рамана Малуху”, — патлумачыў Рыжанкоў.

Беларускае Радыё Рацыя