Алесь Лапко пра імпрэзу „Яднайся!”
„Яднайся!” Маштабная імпрэза пад такой назвай адбылася ў Варшаве. На адной пляцоўцы – Беларускага моладзевага хабу – сустрэліся палітычныя, грамадскія і культурныя прадстаўнікі, каб разам абмеркаваць актуальныя пытанні.
Наш карэспандэнт паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – кіраўніком Хабу Алесем Лапко – пра салідарнасць, стасункі з замежнікамі, а таксама пра тое, як з’явілася імпрэза „Яднайся!”:
– Офіс Святланы Ціханоўскай разам з Каардынацыйнай радай, Пераходным кабінетам, звярнуўся да Беларускага моладзевага хабу з такой ідэяй, каб менавіта ў Варшаве, дзе на сёння пражывае найбольш беларусаў за мяжой, працуе найбольш беларускіх НДА, арганізацый і ініцыятыў, зладзіць такое вялікае мерапрыемства „Яднайся!”. Якое б аб’яднала ў сабе НДА-маркет, кірмаш прапаноў тых арганізацый, якія сёння тут дапамагаюць беларусам і Беларусі. Адначасова мы хацелі стварыць магчымасць простым беларусам паўдзельнічаць, паглядзець, задаць пытанні беларускім актывістам, палітыкам падчас панэляў дыскусій.
РР: Ці можаце больш падрабязна пра ўдзельнікаў распавесці?
– Да арганізацыі спрычыніўся Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, Пераходны кабінет і Беларускі моладзевы хаб. Былі запрошаныя шматлікія беларускія арганізацыі, якія існуюць у Польшчы ды іншых краінах, да ўдзелу ў гэтым кірмашы беларускіх НДА. На жаль не ўсе змаглі па сваіх планах фізічна, але больш за 20-ць арганізацый адгукнулася. Яны расказваюць і паказваюць беларусам пра сваю дзейнасць. Гэта таксама вельмі важна, часам незаўважна, але мы лічым гэта адным з ключавых мэтаў мерапрыемства, гэта каб яны пазнаёміліся паміж сабой, пабачылі адзін аднаго, наладзілі нейкія кантакты, магчымасць супрацы. Гэта вельмі важна, ствараць такі нэтворкінг паміж ініцыятывамі і арганізацыямі.
РР: Не толькі палітычныя і грамадскія арганізацыі ўдзельнічаюць, але ёсць і музыкі?
– Так, канешне. Дадатковай разынкай былі выступы беларускіх музыкаў. Важны такі момант, што беларуская культура перажывае не вельмі добры час, але яна не застаецца па-за ўвагай арганізатараў. Гэта не толькі забаўляльны элемент мерапрыемства, але як раз такі тое, што павінна падкрэсліваць, што мы не павінны забываць пра нашых культурных дзеячаў, якія сёння знаходзіцца за мяжой, патрабуюць нашай падтрымкі і ўвагі.
З кіраўніком Беларускага моладзевага хабу Алесем Лапко размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.
Беларускае Радыё Рацыя