У Бельску пройдуць дзіцячыя лёгкаатлетычныя гульні імя Яўгена Бэдэнічука



У Бельску Падляшскім у пятніцу, 16 чэрвеня, адбудуцца Першыя дзіцячыя лёгкаатлетычныя гульні імя Яўгена Бэдэнічука. Такім чынам адзначаць памяць нядаўна памерлага выдатнага спартоўца, алімпійца з Барселоны, настаўніка фізкультуры ў агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым навучаннем беларускай мове ў імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім.

Кажа дырэктар школы №3 з дадатковым навучаннем беларускай мовы Пятро Нікалаюк:

– Наша школа таксама звязана з гэтым выдатным спартоўцам. Ён быў шматгадовым сябрам гэтае школы. Мы адчулі абавязак, каб зладзіць гэтыя спаборніцтвы. Ён ёсць выдатным лёгкаатлетам, алімпійцам з Барселона. І ўзнікла ідэя сярод настаўнікаў фізкультуры, каб ушанаваць ягоную памяць. Мы размаўлялі з удавой Яўгена Бэдэнічука, яна таксама прыйдзе на гэтыя спаборніцтвы. Таксама і бургамістр і дырэктары з іншых школ горада. Так, што спадзяюся, што атрымаюцца цікавыя спаборніцтвы.

Вядомы спартовец, лёгкаатлет, алімпіец з Барселоны (1992) памёр пасля працяглай хваробы сёлета 2 траўня. Першыя дзіцячыя лёгкаатлетычныя гульні ў ягоны гонар адбудуцца заўтра (16 чэрвеня) на спартыўнай пляцоўцы Пачатковай школы нумар 3 з дадатковым навучаннем беларускай мове імя Яраслава Кастыцэвіча ў Бельску Падляшскім. Пачатак а 10-й гадзіне.

Беларускае Радыё Рацыя