Анатоль Вап: Будзем рабіць усё магчымае, каб абараніць Бельскі і Гайнаўскі беларускія ліцэі
Няўжо няма ў Польшчы месца для беларускіх школ? Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці з Падляшша працягваюць змагацца за захаванне цяперашняга статусу адукацыі ў двух беларускіх ліцэях – у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім. Тут са згоды Міністэрства адукацыі і навукі плануюць адмяніць абавязковае навучанне беларускай мовы.
У аўторак гэтае пытанне абмяркоўвалася падчас паседжання соймавай камісіі нацынальных і этнічных меншасцяў. Становішча беларускай нацыянальнай меншасці прадстаўлялі: дэпутат польскага Сойму Яўген Чыквін, дырэктар Гайнаўскага белліцэя Ігар Лукашук, прадстаўніца Рады бацькоў Гайнаўскага белліцэя Дарота Раманюк і сённяшні госць рацыі – Анатоль Вап з Беларускага культурнага Цэнтру ў Беластоку.
РР: 13 чэрвеня ў Варшаве адбылося паседжанне Соймавай камісіі па нацыянальных і этнічных меншасцях. І адным з пытанняў, якое абмяркоўвалася, якраз было пытанне, якое было звязана з беларускімі ліцэямі. Вы, як прадстаўнік дэлегацыі, якая прадстаўляла беларускую меншасць, прадставілі наш пункт гледжання.
Анатоль Вап: Дакладна так, бо інфармацыю падрыхтавала Міністэрства адукацыі і навукі. Яно не зусім было згодна з польскім правам, увогуле не лічылася з беларускай меншасцю, усё было інтэрпрэтавана не на карысць нашай меншасці. І ясна вынікала з таго, што казаў прадстаўнік Міністэрства адукацыі, што ў Польшчы няма месца для беларускіх школ, не толькі ліцэяў, але і для пачатковай школы №3 у Бельску-Падляшскім.
РР: А гэта было сказана даслоўна?
Анатоль Вап: Даслоўна – не, гэта вынікае з таго, што ён казаў і з інфармацыі Міністэрства адукацыі так вынікае. Міністэрства стаіць на пазіцыі, што ў такіх школах не можа быць так, каб усе навучаліся беларускай мове. Павінны быць таксама класы, дзе не будзе навучання беларускай мове. Прадстаўнік міністэрства, калі гаварыў пра сітуацыю Бельскага і Гайнаўскага беларускіх ліцэяў, словам не ўспомніў, што ў гэтых гарадах ёсць польскія ліцэі. І так вынікала, што ўсе палякі мусяць вучыцца ў Бельску ці Гайнаўцы беларускай мове, бо не маюць выйсця. Бо ён не ўзгадаў, што там ёсць польскія ліцэі! І казаў, што самаўрады мусяць запэўніць такую магчымасць. А павятовыя самаўрады і ў Гайнаўцы, і ў Бельску могуць, калі хто не хоча вучыцца па-беларуску, і гэта не важна ці паляк, ці беларус, ці хтосьці іншы, можа ісці ў другі ліцэй. Усе не мусяць ісці ў пачатковую школу №3 у Бельску. Яны могуць ісці ў другія школы. Ёсць такая магчымасць, і людзі да гэтай пары так і рабілі. І ўсё было добра.
РР: А што на гэта адказаў прадстаўнік Міністэрства? Неяк адрэагаваў?
Анатоль Вап: Ён проста казаў, што так ёсць у польскім праве, і так мусіць быць. Іх аргументы былі такія, што ёсць магчымасць выбару. Хтосьці хоча вучыцца, і ідзе ў Беларускі ліцэй, хто не хоча вучыцца беларускай мове, ідзе ў польскі ліцэй. Увогуле няма праблемы.
РР: Няма праблемы і няма парушэння закону польскай большасці, вучняў польскай нацыянальнасці, таму што статус там школаў ёсць статусам, якім карысталіся дзесяцігоддзямі. Было сказана, што ідзеш у ліцэй, то бярэш пад увагу тое, што будзеш вывучаць беларускую мову. Будзеш і матуру здаваць. Да гэтага гэта не перашкаджала.
Анатоль Вап: Так. Чаму такое стаўленне Міністэрства, можна толькі здагадвацца. Яны проста хочуць ліквідаваць беларускія ліцэі. Бо і ў Бельску, і ў Гайнаўцы, гледзячы на колькасць моладзі, якая ёсць, хапіла б аднаго агульнаадукацыйнага ліцэя. Былі б па чатыры класы ў адным і другім ліцэі. Вядома, што таму, што ёсць беларуская нацыянальная меншасць, і ў Бельску і ў Гайнаўцы ёсць фундамент, каб усе маглі вучыцца сваёй роднай мове.
РР: І дырэкцыя ліцэяў, і прадстаўнікі беларускіх арганізацый, і што найважней, прадстаўнікі бацькоў вучняў, яны змагаюцца, каб захаваць гэты статус. Ці ёсць нейкія шляхі, каб захаваць тое, што было дагэтуль?
Анатоль Вап: Так, гэта адзін з этапаў нашага візіту ў Сойм Рэчы Паспалітай, дзе мы яскрава сказалі, чаго мы хочам. Мы будзем далей дзейнічаць. І рабіць наступныя крокі, каб абараніць Бельскі і Гайнаўскі беларускія ліцэі, і ўсё, дзе ёсць навучанне беларускай мове.
РР: Важна, што за захаванне статусу беларускіх ліцэяў заступілася і Святлана Ціханоўская.
Анатоль Вап: Так, гэта важна. Што і Ціханоўская, і АПКБ стараюцца нам дапамагчы. І спадзяюся, што супольна мы зможам, бо гэтыя школы – гэта самае важнае для нас. Без навучання беларускай мове, культуры, гісторыі беларускага народу цяжка нам будзе захаваць сваю нацыянальную тоеснаць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток