Пяты Трэкер Перамен Беларусі: узмацненне рэжыму праз расейскую прысутнасць ва ўсім
Фонд ім. Фрыдрыха Эберта ў супрацоўніцтве з Прэс-клубам правёў анлайн-прэзентацыю пятай штоквартальнай справаздачы «Беларускі трэкер перамен». Трэндам чарговага выпуску сталася ўзмацненне рэпрэсій рэжыму на фоне расейскага ўплыву.
Кажа праграмны дырэктар Беларускай акадэміі, старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў:
– Рэпрэсіі не спыняюцца, і сапраўды відаць можна казаць, што фармат дзейнасці ўлады ў гэтым кірунку ён усё больш робіцца падобны да дзейнасці акупацыйнай адміністрацыі, у тым сэнсе, што на фоне рэпрэсій, якія ідуць у пастаянным рэжыме, перыядычна ўзнікаюць рэпрэсіі, як рэакцыя на некаторыя падзеі. З пачаткам вясны адбылося ўзмацненне жорсткасці ўмоваў утрымання ў турмах, перадусім рэжымам інфармацыйнай ізаляцыі для палітвязняў.
Асноўныя трэнды рыначнай эканомікі Беларусі абазначыў акадэмічны дырэктар BEROC Леў Львоўскі:
– Урад працягнуў змаганне з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і рамеснікамі. Было вырашана перагледзець спіс дзейнасці, якой ІП могуць займацца. Пакуль што гэты працэс перагляду яшчэ ідзе. Дзяржава працягвае падтрымліваць стратныя прадпрыемствы. Выдаткоўвае спецыяльныя гранты на прадпрыемствы дрэваапрацоўкі, на цэментныя заводы, многія кампаніі пачалі арыентавацца на Расею, выпускаць тавары пад расейскімі брэндамі.
Акрамя гэтага ў справаздачы адзначана, што новыя санкцыі ЕЗ у дачыненні да Беларусі адсутнічаюць ужо больш за год. Нягледзячы на пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі, пашыраецца група краін, якія лабіруюць зняцце з краіны найбольш балючых санкцый – калійных.
Беларускае Радыё Рацыя