Лукашэнка і ядзерная зброя



На інфармацыйных рэсурсах палітычныя аглядальнікі каментуюць ядзерны шантаж ад Лукашэнкі ў інтэрв’ю крамлёўскай прапагандыстцы Скабеевай.

Вітаю, тут Севярын Квяткоўскі.

Ядзерная зброя для большасці людзей – гэта сінонім канца свету. Лукашэнка пагражае трэцяй сусветнай вайной з ужываннем слова «мы» – мы з Пуціным.

Амерыканскі палітычны аналітык Андрэй Піянткоўскі звяртае ўвагу на той факт, што малодшы сын Лукашэнкі Мікалай вучыцца не ў Маскве, а ў Пекіне. Піянткоўскі мяркуе, што Лукашэнка не давярае Пуціну. І фактычна схаваў свайго сына ад рук Крамля.

І што недавер вынікае з канфлікту інтарэсаў: Пуціну патрэбны непасрэдны ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны, а Лукашэнку трэба трымаць уладу. Прычым палітычная незалежнасць і адносны нейтралітэт Беларусі ёсць гарантам бяспекі Лукашэнкі.

Такая лагістычная гушкалка. На словах «мы», па факце Лукашэнка яшчэ на пачатку свайго кіравання аддаў сябе ў закладнікі Крамлю.

Захад не робіць рэзкіх рухаў у бок Беларусі, бо не бачыць рэальнай пагрозы для сябе.

Мяркую, пагрозы ядзернай зброяй – гэта спецыяльная інфармацыйная аперацыя для ўнутранага карыстання.

І беларускаму і расейскаму дыктатарам важна мабілізаваць хоць бы частку насельніцтва. Абодва рэжымы замбіруюць грамадзянаў ідэяй абароны ад NATO. У тым ліку на тэрыторыі Украіны.

Украінскі папулярны блогер Аляксей Арэстовіч прасоўвае ідэю, што беларуская армія калектыўна супраць вайны ў прынцыпе.

Я бы не раздзяляў такі аптымізм, створаны, хутчэй за ўсё ў палітычных мэтах. Вайскоўцы працуюць паводле выканання загадаў. Таму пайшлі бы і стралялі па ўкраінцах. Прынамсі, дастаткова вялікая частка.

Але рэальна ваяваць у сучасных умовах могуць толькі сілы спецыяльных аперацый Беларусі.

Падрыхтаваных байцоў і камандзіраў не так шмат. Шмат каго з іх мы бачылі на беларускіх вуліцах у 2020 годзе. Гэта яны разам з унутранымі войскамі і АМАПам удзельнічалі ў крывавых разгонах пратэстаў.

Сілы спецыяльных аперацый дэ-факта дадатковая паліцэйская сіла і дадатак да структуры пад назвай «ахова прэзідэнта».

Вельмі верагодна, што Лукашэнка і праўда баіцца вайсковай аперацыі з боку NATO. Бо ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі робіць краіну патэнцыйным аб’ектам для ўдару.

Плюс з тэрыторыі Беларусі расейцы могуць рабіць правакацыі звычайнай зброяй.

Беларускае войска ў асноўным прызыўное. Гэта значыць, што там ёсць вялікі працэнт тых, хто браў удзел у пратэстах 2020 году, альбо спачуваў Беларускай рэвалюцыі.

Так, загады выконваюцца, але ў момант «ікс» можа быць раскол. Бо армія – гэта грамадзяне, а беларускае грамадства падзеленае жорстка і бескампрамісна.

Лукашэнка шантажуе ядзернай зброяй не толькі Захад, але і беларусаў. Маўляў, калі зноў пачнеце пратэставаць, знішчу і сябе і вас.

Беларускае Радыё Рацыя