Уладзімір Панамароў: Тут распрацоўваецца канцэпцыя Новай Расеі



З’езд Народных Дэпутатаў Расеі працягвае сваю працу. Структура была заснаваная па ініцыятыве расейскіх апазіцыйных дэпутатаў і ў чэрвені ў Варшаве правяла сваю Трэцюю сесію.

Уладзімір Панамароў

„Тут, на гэтай пляцоўцы, распрацоўваюцца дакументы пераходнага перыяду – канцэпцыя Новай Расеі, якую мы назвалі Расейскай Рэспублікай і якая стане міралюбівай дзяржавай”, – распавядае расейскі прафесар, фізік і дзяржаўны дзеяч Уладзімір Панамароў:

– Важна, што тут няма ніякай ідэалагічнай падкладкі. Тут ёсць і правыя, і левыя, і серабурамалінавыя. Таксама людзі ў якіх нацыянальная ідэя ўмераная, зразумела не фашысцкая, прывабная. Сацыялісты ёсць і былыя камуністы, якія адышлі ад радыкальнай бальшавіцкай канцэпцыі. Яны дамаўляюцца, вучацца дамаўляцца паміж сабой. Гэта створыць касцяк у той момант, калі надыдзе гадзіна ікс – час зыходу Пуціна. У гэты момант настане дэфармацыя рэжыму, з’явіцца ядро, якое тут фармуецца.

Як распавёў Уладзімір Панамароў, усяго ў структуру ўваходзіць каля 200 чалавек: 100 – дэпутатаў і 100 – гасцей і экспертаў, якія цяпер жывуць у розных краінах.

Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя