У Беларусі ўстрывожыліся “кітайскай экспансіяй” на аўтарынку
У Беларусі ўстрывожыліся “кітайскай экспансіяй” на аўтамабільным і грузавым рынках.
Сваю занепакоенасць выказаў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў. “Мы ўжо назіраем экспансію ўсходніх партнёраў і на беларускім, і на расійскім рынках аўтамабільнай і грузавой тэхнікі. Дынаміка палохае. За тры месяцы мінулага года доля брэндаў у сегменце грузавой тэхнікі з Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Расейскую Федэрацыю складала ўсяго 9,5%, за тры месяцы бягучага года – павялічылася амаль да 58%”, – прыводзіць яго словы ТАСС.
Паводле Снапкова, рынак губляюць як беларускія, так і расейскія вытворцы. “МАЗ знізіў сваю прысутнасць на расейскім рынку ў гэты перыяд з 8,9% да 3,5%. КАМАЗ таксама знізіў сваю прысутнасць на сваім расейскім рынку з 38% да амаль 17%”, – сказаў чыноўнік. Падобная карціна па трактарах, пагрузчыках, кар’ерных самазвалах, аўтобусах. Ён прапанаваў „разам задумацца над тым, як захаваць уласную вытворчасць”. (reform.by)
Сяброўства Беларусі ў сістэме “Зялёная карта” прыпыненае
Сяброўства Беларусі і Расеі ў міжнароднай сістэме страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці “Зялёная карта” будзе прыпыненае з 30 чэрвеня 2023 года. Рашэнне прынялі на 57-й Генасамблеі Савета Бюро міжнароднай сістэмы страхавання аўтаграмадзянскай адказнасці “Зялёная карта”.
У выніку прыпынення сяброўства не будуць дзейнічаць страхавыя полісы “Зялёная карта”, выдадзеныя беларускімі страхавымі арганізацыямі для краін, якія не ўваходзяць у Еўрапейскую эканамічную зону (Албаніі, Андоры, Азербайджана, Босніі і Герцагавіны, Ірана, Малдовы, Чарнагорыі, Марока, Македоніі, Сербіі, Расіі, Туніса, Турцыі).
Раней у беларусаў ужо “згарэлі” страхоўкі з краінамі Еўрасаюза. З 1 чэрвеня ўладальнікі беларускіх транспартных сродкаў пры ўездзе ў краіны ЕС павінны набываць полісы на тэрыторыі гэтых краін. Разам з тым, Беларускае бюро заключыла двухбаковыя пагадненні з Расіяй, Турцыяй і Азербайджанам, якія даюць магчымасць захаваць дзеянне раней заключаных дамоваў.
Mark Formelle збіраецца адкрыць яшчэ 40 крам у Расеі
Брэнд беларускага адзення Mark Formelle нарошчвае сваю прысутнасць у Расеі і будуе на бягучы год амбіцыйныя фінансавыя планы. Пра гэта заснавальнікі групы кампаній Mark Formelle Андрэй Серыкаў і Святлана Сіпарава расказалі ў інтэрв’ю New Retail.
На сёння кампанія Mark Formelle, якая працуе на расейскім рынку з 2014 года, налічвае 62 гандлёвыя пункты ў 28 гарадах Расеі, з якіх палова была запушчана ў мінулым годзе. Прадпрымальнікі кажуць, што 2022 стаў для іх паваротным, бо да гэтага на расейскім рынку былі даволі высокія арэндныя стаўкі ў гандлёвых цэнтрах, а канцэнтрацыя вядомых еўрапейскіх брэндаў з высокімі маркетынгавымі бюджэтамі і прадукцыяй, вырабленай у Бангладэш, не давала шмат шанцаў айчынным вытворцам. Пасля адыходу з расейскага рынку заходніх брэндаў, Расія стала другім па аб’ёмах продажу і самым важным рынкам у стратэгіі развіцця Mark Formelle.
Цяпер у планах кампаніі адкрыццё яшчэ мінімум 40 уласных гандлёвых крамаў у Маскве, Санкт-Пецярбургу і гарадах-мільённіках.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: vecteezy