Агляд прэсы: Пачуць галоўнае
Пратасевіча абвінавацілі ў агентуры рэжыму Лукашэнкі. Ці павінна Швейцарыя прыслухацца да закліку Зяленскага? Швецыя, НАТА і Эрдаган. Трагедыя ў Міжземным моры. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Былога рэдактара найбуйнейшага беларускага тэлеграм-канала NEXTA Рамана Пратасевіча падазраюць у працы ў спецслужбах, пра што заявіла галоўны рэдактар незалежнага беларускага інфармацыйнага сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна», – перадае ўкраінскае выданне NV.ua.
«Насамрэч шмат пытанняў пра тое, як ён апынуўся ў беларускай апазіцыі, як паехаў у Польшчу і як узначаліў тэлеграм-канал NEXTA. Беларуская газета «Наша Ніва» апублікавала расследаванне пра тое, хто такі Раман Пратасевіч. І ёсць сур’ёзныя падазрэнні, што ён агент спецслужбаў. Гэтым і тлумачацца яго паводзіны ў Беларусі. Пратасевіч быў выкрадзены з самалёта Ryanair, які быў захоплены рэжымам беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, калі той ляцеў з Грэцыі ў Літву ў траўні 2021 года. Пазней Пратасевіча асудзілі на 8 гадоў пазбаўлення волі за «арганізацыю масавых беспарадкаў, распальванне варожасці, стварэнне экстрэмісцкага фармавання, змову з мэтай захопу ўлады і публічную абразу беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Аднак 22 траўня ён быў памілаваны дыктатарам. Яго калегі — заснавальнік Nexta Сцяпан Пуціла і былы рэдактар канала Ян Рудзік — завочна асуджаныя на 20 і 19 гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Былая дзяўчына Пратасевіча Сафія Сапега, якую вывелі з рэйса разам з ім, у маі 2022 года была асуджаная на шэсць гадоў калоніі за «распальванне сацыяльнай розні». Яна таксама была памілаваная Лукашэнкам 7 чэрвеня», – падсумоўвае ўкраінскае выданне.
***
У чацвер прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў па відэасувязі перад швейцарскім парламентам. Ён заклікаў Швейцарыю праявіць салідарнасць з Украінай і дазволіць дзяржавам, якія маюць швейцарскую зброю, перадаваць яе трэцім краінам. Пакуль што Берн спасылаўся на прынцып нейтралітэту і адмаўляўся выдаваць такі дазвол. Швейцарская народная партыя, якая з’яўляецца найбуйнейшай фракцыяй у швейцарскім парламенце, выступленне Зяленскага не слухала, спаслаўшыся на ўсё той жа нейтралітэт. Жэнеўская газета Le Courrier лічыць, што Швейцарыі не трэба далучацца да паставак зброі.
«У сваім выступе ў чацвер украінскі прэзідэнт вельмі спрытна зрабіў упор на функцыю пасярэдніка, якая так па душы Швейцарыі: ён заклікаў нашу краіну арганізаваць агульнасусветны саміт па дасягненні міру. Але паглядзім, як успрыме гэтую аўдыёвізуальную інтэрвенцыю Расея, ці не здасца ёй ужо і гэта празмерным. Удзел Швейцарыі ў пастаўках зброі нічога не змяніла б падчас канфлікту; а вось роля міратворцы, несумненна, апынулася б невымерна больш эфектыўнай», – падкрэслівае швейцарскае выданне.
***
Прэзідэнт Турцыі Эрдаган чарговы раз паставіў пад сумненне магчымасць членства Швецыі ў НАТА. Адбылося гэта ў сераду, калі дэлегацыі абедзьвюх краін сустрэліся ў Анкары. Нягледзячы на тое, што антытэрарыстычныя законы ў Швецыі былі больш жорсткімі а Вярхоўны суд краіны нядаўна адобрыў першую экстрадыцыю прыхільніка РПК, Эрдаган лічыць патрабаванні Турцыі нявыкананымі. Аглядальнікі мяркуюць, што пазіцыя прэзідэнта Турцыі абумоўлена ўзаемаадносінамі з ЗША. «Наўпроставы кірмашовы гандаль нейкі», – скардзіцца шведская газета Svenska Dagbladet.
«Даўно ўжо не сакрэт, што Турцыя ўвязвае сваю згоду на ўступленне Швецыі ў НАТА з магчымасцю займець амерыканскія знішчальнікі F-16. Байдэн станоўча настроены ў адносінах да гэтай здзелкі, аднак Кангрэс аказвае супраціўленне: там ёсць тыя, хто мяркуе, што не трэба пастаўляць знішчальнікі Турцыі, пакуль Швецыя не атрымае зялёнае святло на членства ў НАТА. Гэта значыць гандаль тут ідзе паміж Вашынгтонам і Анкарай. І прапанову Эрдагана Байдэну можна было б сцісла сфармуляваць наступным чынам: «Я магу паклапаціцца аб тым, што вы не страціце твар пры ўмове, што заручыцеся згодай Кангрэса на продаж нам самалётаў», – канстатуе шведскае выданне.
***
Крушэнне лодкі з мігрантамі ля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Грэцыі прымае размах каласальнай трагедыі. Згодна з наяўнымі звесткамі, ва ўнутраным адсеку судна знаходзіліся сотні людзей, якія не мелі ніякіх шанцаў на выратаванне ў выпадку крушэння. Зараз размова ўжо ідзе пра больш як 500 загінуўшых. Затрыманы дзевяць чалавек, якія, як мяркуецца, арганізавалі гэтую нелегальную перавозку. «Тое, што адбываецца ў Міжземным моры, ніяк не суадносіцца з еўрапейскімі каштоўнасцямі», – піша аўстрыйская газета Salzburger Nachrichten.
«Рыторыка ў стылі «сам вінаваты», калі ў моры тонуць людзі, несумяшчальная з гуманістычным светапоглядам. І нават калі не браць у разлік мараль і чалавечнасць, падобная пазіцыя не супадае з нашымі абавязальніцтвамі згодна з нормамі міжнароднага права і нашымі прынцыпамі як аб’яднання прававых дзяржаў. Калі мы не маем намеру мірыцца з тым, што маладыя мужчыны, жанчыны і дзеці гінуць ля нашых берагоў, мы павінны своечасова прыняць контрмеры. А гэта значыць – змагацца з прычынамі, якія змушаюць людзей пакідаць родныя краі. Меры трэба прымаць да таго, як лодкі з бежанцамі выйдуць у мора – гэта значыць змагацца трэба з нелегальнымі перавозчыкамі, а не з мігрантамі», – адзначае аўстрыйскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.