Бярозаўскія актывісты пра „Начных ваўкоў” Пуціна
Забарона на правядзенне мотапрабегу па тэрыторыі Еўразвзяза, які планаваў правесці расейскі байкерскі клуб „Начныя ваўкі”, выклікала адназначнае адабрэнне ў партыйных і грамадскіх актывістаў з Бярозы.
Актывісты лічаць, што той зарад агрэсіі, які пуцінскія байкеры „Начныя ваўкі” прынеслі ва Украіну, перакінуўся б і на еўрапейскія краіны, па якіх яны планавалі праехаць.
Кажа сябра Партыі БНФ Васіль Азаранка:
– Каб гэта былі проста байкеры, то я б усюды пусціў, але гэта не байкеры, гэтыя байкеры год таму сталі палітычным лозунгам, сімвалам, калі паехалі са сцягамі ў падтрымку дзеянняў Расеі ў адносінах да Украіны. Я б у Беларусь іх нават не ўпускаў, а не тое што ў Польшчу.
– Наш прэзідэнт Лукашэнка прапусціў байкераў таму, што яму трэба грошы атрымаць ад Расеі ці адцягнуць пагашэнне пазыкі – ў нас жа 4 мільярды, грошай гэтых няма. Польшча заняла правільную пазіцыю.
„Начныя ваўкі” сталі ўплывовай сілай у расейскім палітычным жыцці. Пуцін і „Начныя ваўкі” хваляць і падтрымліваюць адзін аднаго.
Прэзідэнт мотаклуба „Начныя ваўкі” Аляксандр Залдастанаў (Хірург) з’яўляецца ініцыятарам руху „Антымайдан” і ўваходзіць у лік грамадзян Расеі, якія трапілі ў спіс неўязных у краіны Еўразвяза.
Беларускае Радыё Рацыя