Агляд прэсы: пад мастом салідарнасці



Беларусь: страчаныя шанцы? Кахоўскую ГЭС падарвалі расейцы. У Румыніі настаўнікі спынілі забастоўку, але ці дабіліся поспеху? Штучны інтэлект у ЕЗ. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

Многім грамадзянам Беларусі і, вядома ж, заходнім суседзям хацелася б бачыць гэтую краіну дэмакратычнай і незалежнай, і, магчыма, нават уваходзячай у склад Еўрапейскага Звяза. «На жаль, у гісторыі, як і ў палітыцы, не існуе ўмоўнага ладу. Палітычныя падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь, пакуль не даюць магчымасці казаць не толькі пра тое, што Беларусь у бліжэйшай перспектыве стане дэмакратычнай дзяржавай, але і пра тое, што яна захавае сваю незалежнасць праз 5-10 гадоў», – піша літоўскае выданне Delfi.lt.

Разважаючы пра Беларусь, можна сказаць, што яна ўяўляе сабой прастору, у якой, з аднаго боку, сутыкнуліся геапалітычныя інтарэсы розных дзяржаў і палюсоў – Захаду і Усходу, а з другога боку – палітычныя і культурныя каштоўнасці: дэмакратыя і аўтарытарызм. І ад таго, што і хто пераможа ў гэтым супрацьстаянні, залежыць будучыня рэспублікі. На сённяшні дзень чара шаляў схіліцца на карысць аўтарытарызму, арыентаванага на Усход, Расею. Беларусь з’яўляецца актыўным удзельнікам практычна ўсіх геастратэгічных праектаў, у якіх дамінуе Расія, а гэта: Саюз Беларусі і Расеі, СНД, АДКБ, Мытны Саюз. На сённяшні дзень не існуе ніякай процівагі гэтаму «ўсходняму ўхілу» Беларусі. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць вызначальную выснову: ні пры якіх умовах дзейны ў Беларусі рэжым Лукашэнкі не пойдзе на разрыў геапалітычных узаемаадносін з Расеяй, а гэта, у сваю чаргу, выракае Беларусь на паступовае паглынанне ўсходняй суседкай, у выніку чаго можа быць рэанімаваная саюзная дзяржава. Толькі зрынуўшы палітычны рэжым у Беларусі, можна прадухіліць гэты працэс. Для Адзінай Еўропы з’яўляецца важным, каб Беларусь стала яе інтэгратыўным элементам. Якое было б рашэнне і дзеянне кіраўніцтва Еўрапейскага Саюза, краін членаў ЕЗ, калі б яны дакладна ведалі, што праз 5 гадоў Беларусь можа апынуцца ў складзе саюзнай дзяржавы з Расеяй? Не хацелася б, каб адказам была маўклівая згода», – піша літоўскае выданне.

***

«Кахоўскую ГЭС падарвалі расейцы, размясціўшы выбухоўку ў «ахілесавай пяты» дамбы» – піша амерыканская газета The New York Times.

Выданне спасылаецца на меркаванне інжынераў з Украіны і ЗША, якія сцвярджаюць, што канструкцыя плаціны мела «ахілесаву пяту».

«А паколькі плаціну пабудавалі ў савецкі час, у Маскве мелі ўсе інжынерныя чарцяжы і ведалі, дзе самая ўразлівая частка збудавання. Плаціна была пабудавана з вялізнага бетоннага блока ў аснове. Пад вадой ёсць невялікі праход, даступны з машыннай залы плаціны. Па дадзеных СМІ, менавіта ў гэтым праходзе і адбыўся выбух, які разбурыў дамбу. У хаатычных наступствах, калі кожны бок абвінавачвае іншы ў падрыве, тэарэтычна магчымыя некалькі тлумачэнняў. Але факты ясна паказваюць на тое, што плаціна была пашкоджаная ў выніку выбуху, учыненага бокам, які яе кантралюе: Расеяй», – гаворыцца ў артыкуле амерыканскага выдання.

***

Румынскія настаўнікі спынілі забастоўку , якая зацягнулася на некалькі тыдняў. У выхадныя ў рамках чарговага раунда перагавораў урад краіны выступіў з новай прапановай: з 1 чэрвеня ўсім работнікам сістэмы школьнай адукацыі плануецца павысіць зарплату ў сярэднім на 25 працэнтаў. Наступнае павышэнне намечана на 2024 год. Калі абяцанні не будуць выкананы, прафсаюзы пагражаюць учыніць новую забастоўку. «Гэтая хваля забастовак стала сапраўднай вяхой у гісторыі нашай дэмакратыі», – такое меркаванне выказвае румынскі партал republica.ro.

«Перад вачыма да гэтага часу стаіць сцэна ў цэнтры Бухарэста: мост, запоўнены людзьмі. Тым самым ладна папсавалі нервы палітыкам, якія не верылі ў тое, што настаўнікам хопіць сілы, адзінства і парыву для таго, каб выстаяць. Мы сёе-тое набылі ў выніку гэтых пратэстаў: навучыліся бунтаваць, казаць «не», спыняць час, наводзіць масты салідарнасці і вартасці і дэманстраваць уладам, што тыя марнеюць ва ўбогіх паветраных замках, якія ў любы момант могуць абрынуцца. Гэты ўрок годнасці і адзінства на доўгія гады застанецца ў нашай памяці як вяха дэмакратыі. І гэта, вядома, немалаважна», – падкрэслівае румынскае выданне.

***

Еўрапарламент прыняў першы ў свеце закон, закліканы ўсталяваць правілы ў сферы штучнага інтэлекту. Новы закон дзеліць сістэмы штучнага інтэлекту на некалькі груп у залежнасці ад ступені патэнцыйнай рызыкі. Праграмы, звязаныя з падвышанымі рызыкамі, напрыклад тэхналогіі распазнання асоб, будуць забароненыя. Іншыя інавацыі ў гэтай галіне могуць быць дазволены, але толькі пры пэўных умовах. Адны аглядальнікі вітаюць гэтае рашэнне, іншыя паказваюць на небяспеку таго, што можна перагнуць палку. «Еўразвязу трэба шмат чаго нагнаць і ў рэшце рэшт паскорыць заканадаўчы працэс, які тармозіць», – піша cлавенская газета Delo.

«У вобласці інтэрнэту Еўразвяз ужо грунтоўна пададстаў: тут дамінуюць кампаніі з ЗША і ўсё часцей з Кітая. У галіне штучнага інтэлекту асноўная бітва таксама ідзе паміж гэтымі дзвюма краінамі, а ЕЗ толькі кешкаецца ў іх цені. Эфектыўнае і надзейнае рэгуляванне штучнага інтэлекту, безумоўна, дапаможа ўмацаваць давер. Праблема ў тым, што ўсё развіваецца з шалёнай хуткасцю, а складаныя заканадаўчыя працэсы заўсёды плятуцца ў хвасце падзей. Мала таго: нязменна будуць з’яўляцца новаўвядзенні, яшчэ не ахопленыя рэгуляваннем. Еўрапейскай палітыцы таксама давядзецца вучыцца крочыць у нагу з эпохай штучнага інтэлекту», – заклікае славенскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.