Ганна Аленьска: Спадчына Яна Клеменса Браніцкага важная і для беларусаў



У Беластоку на выходных прайшоў чарговы фестываль «Сады барока».

Акрамя канцэртаў барочнай музыкі і танцаў, асаблівую цікавасць выклікала лекцыя «Ян Клеменс Браніцкі, калекцыянер твораў мастацтва» , што прайшла ў Цэнтры культуры «Śródmieście».

Пра важнасць асобы Браніцкага, у тым ліку для беларусаў, кажа лектар, супрацоўніца Інстытута мастацтва Польскай акадэміі навук у Варшаве Ганна Аленьска:

– Беласток быў вельмі спецыфічна размешчаны – дакладна на граніцы Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага. І нават у некаторых крыніцах паведамлялася, што гэтая граніца сімвалічна была пазначана ў самім палацы, можна было адной нагой стаць на Літве, другой стаць у Польшчы. Браніцкі сам быў звязаны з Каронай Польскай, але быў у сваяцкіх адносінах з сем’ямі з Вялікага Княства Літоўскага, напрыклад, з Сапегамі, якія гаспадарылі на тэрыторыі Беларусі.

У межах фестывалю «Сады барока» таксама прайшоў канцэрт камернага аркестру Польскага радыё “Амадэй”, на якім прагучалі творы Вівальдзі і Баха. Канцэрт суправаджаўся візуальным мапінгам, які трансляваўся наўпрост на сцены палаца Браніцкіх.

Беларускае Радыё Рацыя