У Беластоку створаны Клуб гістарычнай рэканструкцыі па Паўстанні 1863 года
17-га чэрвеня ў Беластоку адбыўся Устаноўчы сход Клуба гістарычнай рэканструкцыі па паўстанні 1863 года. Клуб заснаваны прадстаўнікамі беларускай дыяспары, аднак суполка адкрытая для ўсіх жадаючых.
Пра далейшую дзейнасць Клуба распавёў заснавальнік, гістарычны рэканструктар, акцёр і рэжысёр Васіль Калач:
-Гэтыя белыя плямы павінны быць распісаныя рознымі колерамі – колерамі жыцця. Адна з канцэпцый клуба – гэта не проста хлопчыкі, якія надзелі строі паўстанцаў і граюць у манеўры, а спроба вынасу гэтай рэканструкцыі на шырокую аўдыторыю. То бок, стварэнне нейкіх імпрэзаў у гарадской прасторы, таму што паўстанне – гэта не толькі касінеры ў лясах. Паўстанне – гэта яшчэ і канспіратыўная праца, удзел жанчын у гэтай канспіратыўнай працы, гэта ўдзел амаль усіх слаёў насельніцтва. Маршрут, тут, на Беласточчыне, прапрацаваны. Шлях паўстанцаў прамаркіраваны на мапе, ён на зямлі, але яго трэба напоўніць жыццём. І мы гэта можам.
Першая сустрэча Клуба гістарычнай рэканструкцыі па Паўстанні 1863 года адбудзецца ў панядзелак 26-га чэрвеня у хабе „Новая Зямля” у Беластоку (ul. Kard. Stefana Wyszyńskiego 6A). Запрашаюцца ўсе жадачыя. Пачатак а 19-й гадзіне.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя