Беларускія футбалісты згуляюць з камандай Косава ў кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы
Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі правядуць чацвёрты адборавы матч чэмпіянату Еўропы 2024 года.
На полі стадыёна „Феранца Сусы” ў Будапешце беларусы сустрэнуцца з камандай Косава. Гэтую гульню будзе судзіць брыгада аўстрыйскіх арбітраў, якую ўзначаліць Юльян Вайнбергер. У 3-м туры спаборніцтваў кваліфікацыйнай групы I падначаленыя Георгія Кандрацьева пацярпелі трэцюю паразу запар, саступіўшы ў венгерскай сталіцы зборнай Ізраіля з лікам 1:2. Да гэтага беларускія футбалісты прайгралі швейцарцам 0:5 і румынам 1:2. Футбалісты Косава ўсе свае матчы завяршылі ўнічыю.
Анцілеўскі можа пакінуць БАТЭ
Як паведамляе Telegram-канал «Вуха», БАТЭ можа пакінуць Дзмітры Анцілеўскі. Акрамя таго, у выпадку прапановы барысаўчан можа пакінуць цэлая група гульцоў: Андрэй Кудравец, Захар Волкаў, Валерый Грамыка, Уладзіслаў Малькевіч і Валерый Бачароў. «Недатыкальных няма», – каментуе сітуацыю ў клубе Telegram-канал. Таксама БАТЭ разглядае магчымасць скасавання кантракту з сербскім нападнікам Дам’янам Дастанічам. Дастаніч перайшоў у барысаўскі клуб у пачатку ліпеня 2022 года. Усяго ён правёў за БАТЭ 10 матчаў у чэмпіянаце Беларусі і 1 матч у Лізе канферэнцый, не адзначыўшыся выніковымі дзеяннямі.
«Рэал» аб’явіў аб вяртанні Хасэлу
«Рэал» пацвердзіў падпісанне ўжо былога нападаючага «Эспаньёла» Хасэлу. 33-гадовы іспанец далучыўся да мадрыдскага клуба на правах арэнды з правам выкупу. Прэзентацыя форварда адбудзецца ў аўторак. Паведамлялася, што «Рэал» арандуе Хасэлу за 500 тысяч еўра з опцыяй выкупу за 1,5 мільёны. Футбаліст ужо выступаў за маладзёжку мадрыдскага клуба з 2009-га па 2012 год, забіўшы 40 галоў і аддаўшы 8 перадач у 73 матчах. У мінулым сезоне Ла Лігі Хасэлу забіў 17 галоў і аддаў 4 асісты ў 38 матчах.
Івашка апусціўся ў рэйтынгу ATP
Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) і Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) абнавілі рэйтынгі, некаторыя беларускія спартоўцы маюць істотныя змены. Ілля Івашка на дадзены момант з’яўляецца адзіным беларусам, які ўваходзіць у топ-100 рэйтынгу. Але гульня апошнім часам у яго не ідзе. Так, на спаборніцтвах у Хертогенбосе ён пакінуў турнір пасля першага раўнда. Цяпер ён знаходзіцца на мяжы вылету з сотні найлепшых тэнісістаў. У абноўленым рэйтынгу ён здаў дзевяць пазіцый і знаходзіцца на 96-м месцы. Узначальвае мужчынскі рэйтынг серб Новак Джокавіч, другі радок займае іспанец Карлас Алькарас. Замыкае тройку лідараў расеец Данііл Мядзведзеў. Што да беларускіх дзяўчат, то лепшы вынік па-ранейшаму ў Арыны Сабаленкі – другое месца WTA. Вікторыя Азаранка знаходзіцца на 19-й пазіцыі. А вось Аляксандра Сасновіч змагла нават падняцца на адзін радок, зараз яна займае 70 месца. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што яна здолела прайсці ў паўфінал тэніснага турніра ў Нідэрландах. Узначальвае рэйтынг польская спартоўка Іга Свёнтэк, прадстаўніца Казахстана Алена Рыбакіна размясцілася на трэцім месцы.
Сайт «Прэсбола» заблакавалі з-за архіўнага фота футбаліста з «чорнага спісу»
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, сайт «Прэсбола» быў заблакаваны з-за архіўнага фота «нелаяльнага» футбаліста. БАЖ паведамляе, што ў навіне пра пляжны футбол размяшчаўся архіўны здымак зборнай Беларусі, на якім быў гулец «чорнага спісу» Міністэрства спорту Лукашэнкі. Такое «тыражаванне» нелаяльнага футбаліста стала падставай для блакавання рэсурсу. Нагадаю, што 16 чэрвеня стала вядома, што міністэрства інфармацыі Лукашэнкі заблакавала сайт «Прэсбола» на падставе ведамаснага маніторынгу на прадмет «выканання заканадаўства аб СМІ».
Беларускае Радыё Рацыя
