Алесь Плотка: Кніга пра жыццё і пра тое, што адбываецца ў Беларусі і Украіне



9-га ліпеня ў Варшаве адбудзецца прэзентацыя кнігі “Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine”, якая прысвечаная жорсткім падзеям у Беларусі і Украіне. Усе прыбыткі ад продажаў выдання пойдуць рэабілітацыйнаму цэнтру «Ланка», створанаму беларусамі ва Украіне.

Сённяшні „Госць Рацыі” – суаўтар кнігі, паэт, перакладчык, музыка Алесь Плотка. У размове з нашым карэспандэнтам ён распавёў пра цяперашнія літаратурныя міжнародныя стасункі, уплыў культуры на сітуцыю ў краінах, а таксама ўласна пра кнігу “Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine”:

-Зараз рыхтуецца да друку кніжка, стварэнне якой не было канцэптуальным. А яно проста адпавядае жыццю і таму, што адбывалася ў 2020 годзе ў Беларусі, і ў 2022 і дагэтуль цягнецца ва Украіне і Беларусі. Пісаліся нейкія вершы, што ўласціва паэтам. І паралельна неяк само сабой мы пазнаёміліся з фатографам Алесем Пілецкім. Ён фатаграфаваў багата Віцебшчыну ў 20-м годзе. А потым абсалютна дзіўным чынам перад самым пачаткам вайны з чэшскім вайсковым фатографам Станіславам Крупажам, які рэальна больш жыве з таго часу на Данбасе, чым у Чэхіі. І абсалютна само сабой склалася – гэтыя тэксты з гэтымі знаёмствамі, усё ішло само сабой, таму што ўсё гэтае жыццё вакол нас, вайна, рэпрэсіі, рэвалюцыя – усё ішло само сабой. Так склалася, мы атрымалі невялікую падтрымку. Усе прыбыткі з кнігі ідуць у Цэнтр “Ланка” – гэта па-украінску “звяно”, ёсць такая актывістка Таццяна Гацура, у яе ёсць рэабілітацыйны цэнтр ва Украіне. Ён працуе для замежных камбатантаў ва Украіне, найперш для беларусаў, але не толькі. Гэта людзі, у якіх багата праблемаў у цывільным жыцці, вайна зусім не рамантычная рэч, асабліва калі табе патрэбна потым медыцынская дапамога, дакументы і так далей.

9-га ліпеня ў Варшаве на фэсце будзе прэзентацыя нашай кнігі. Пазней, 11-га ліпеня – у Празе, 13-га – у Берліне і 15-га – на Фэсце “Тутака” на Падляшшы ва ўрочышчы Борык. Тут да нас далучыцца выдавец гэтай кнігі Ігар Іваноў, лонданскае выдавецтва “Скарына”, якое матэрыялізавалася проста з паветра. Ён і Саша Чарнуха, кніжка якога “Свінні” па-беларуску, я яе пераклаў, яна толькі выйшла. Гэта творчы літаратурны блок Фэстывалю “Тутака”, якому дзякуй за запрашэнне і цікавасць да беларускай літаратуры.

На прэзентацыі кнігі “Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine” можна будзе набыць выданне і тым самым дапамагчы рэабілітацыйнаму цэнтру ва Украіне.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя