Агляд прэсы: свядома, але не догма



Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі не абмежавана па часе. Візіт Блінкена ў Кітай. Румынія: новы прэм’ер за эканамічны патрыятызм. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі — гэта першае перамяшчэнне Масквой такіх боегаловак за межы Расеі пасля распаду Савецкага Саюзу», – сочыць за сітуацыяй у Беларусі ізраільская газета Jerusalem Post.

«Размяшчэнне Расеяй тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі не абмежавана па часе, пра што і заявіў высокапастаўлены расейскі дыпламат. У сакавіку Расея абвясціла аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі, блізкага саюзніка, які падтрымаў напад Масквы на Украіну. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што зброя пачала паступаць у мінулым месяцы. Такое разгортванне з’яўляецца першым перамяшчэннем Масквой такіх боегаловак – менш магутнай ядзернай зброі меншай далёкасці, якая патэнцыйна можа быць выкарыстана на полі бою, за межамі Расеі пасля падзення Савецкага Саюза. Вядома, але не факт, што зброя можа быць вывезена з Беларусі, калі ЗША і NATO ўстрымаюцца быццам ад «падрыву бяспекі і суверэнітэту Расеі і Беларусі», – адзначае ізраільская газета.

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен знаходзіцца з візітам у Кітаі, наганяючы паездку, адмененую ў лютым. У нядзелю Блінкен сустрэўся са сваім калегам Цінь Ганем, які ўказаў на тое, што галоўнай праблемай у двухбаковых адносінах з’яўляецца тайваньскае пытанне. Запланавана сустрэча з галоўным дыпламатам КНР Ванам І. Еўрапейская прэса абмяркоўвае, як аслабіць напружанасць у адносінах паміж Вашынгтонам і Пекінам. «Час перагледзець знешнепалітычную стратэгію», – такое меркаванне выказвае заграбская газета Večernji list.

«З прычыны таго, што ў Еўропе бушуе самы страшны ваенны канфлікт з часоў Другой сусветнай вайны, які кідае сур’ёзны выклік палітычнай волі і рэсурсам ЗША, Вашынгтон абавязаны перш за ўсё растлумачыць пытанне аб тым, ці адказвае яго ўласным інтарэсам працяг цяперашняй палітыкі, якая яшчэ мацней штурхае Кітай пад кіраўніцтвам Сі ў абдымкі Пуціна. Пакуль супернікі Кітая і ў той жа самы час прыхільнікі цвёрдай лініі ў Вашынгтоне ўжо некалькі месяцаў як заклікаюць ЗША «адпачкавацца»ад Кітая, ці не лёс падумаць аб тым, як зрабіць так, каб Пекін разыйшоўся з Масквой?», – задаецца пытаннем харвацкае выданне.

Як і было ўзгоднена пры фарміраванні ўрада ў 2021 годзе, папярэдні прэм’ер-міністр Румыніі Мікалае Чукэ (Нацыянальная ліберальная партыя) вызваліў сваю пасаду. Новы кіраўнік урада Марчэл Чолаку ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Румыніі, партнёра НЛП па кааліцыі, заявіў у сваёй інаўгурацыйнай прамове пра тое, што для пераадолення крызісу Румыніі варта ўспомніць аб эканамічным патрыятызме. Румыны, маўляў, больш не павінны заставацца «сучаснымі рабамі» Еўропы. «Румынія павінна стаць больш канкурэнтнай», – піша мясцовая газета Adevărul.

«Эканамічны патрыятызм» можа быць варыянтам для вялікіх краін, такіх як Японія ці Індыя, але не для Румыніі, якая з’яўляецца членам ЕЗ (і, як запэўнівае Чалаку, такім і застанецца) і таму павінна выконваць адпаведныя дагаворы і пагадненні. І Чалаку дарма скардзіцца на тое, што, маўляў, румыны сталі «сучаснымі рабамі ЕЗ». На фоне глабалізацыі і мабільнасці працоўнай сілы, тавараў і паслуг нашым румынскім суайчыннікам у краінах ЕЗ плацяць у адпаведнасці з іх кваліфікацыяй і выкананай працай. Некаторым лепш, некаторым – горш. Лепш бы Марчэл Чалаку звярнуў сваю ўвагу на нашы сістэмы адукацыі і навучання», – падкрэслівае румынскае выданне.

Падчас рэферэндуму, які прайшоў у Швейцарыі, большасць грамадзян, якія маюць права голасу, выказалася на карысць новага закона аб абароне клімату. Амаль 60 працэнтаў падтрымалі ідэю паступова знізіць спажыванне нафты і газу ў краіне, а таксама зрабіць яе нейтральнай у плане выкідаў CO2 да 2050 года. Для дасягнення гэтай мэты плануецца выдзяляць дзяржаўныя субсідыі на ўстаноўку сістэм ацяплення, больш нейтральных у кліматычных адносінах, а таксама ажыццяўляць інвестыцыі ў адпаведныя праекты і галіны. «Праца, уласна кажучы, яшчэ толькі наперадзе», – піша жэнеўская газета Le Courrier.

«Грамадзянская супольнасць не павінна аслабляць ціску, з тым каб за імкненнямі, выяўленымі ў нядзелю, былі і канкрэтныя справы. У многіх напэўна будзе складацца няслушнае уражанне, быццам усё, маўляў, ужо ўрэгулявана, аднак у рэчаіснасці спраў безліч. Кліматычны крызіс – рэч сістэмная, а не асобна ўзятае пытанне па тэме абароны навакольнага асяроддзя. Прыйдзецца пераасэнсоўваць і вынаходзіць сябе нанова. Гэта запатрабуе немалой мужнасці і творчага падыходу. У нядзелю былі агучаныя па большай частцы старыя, вынятыя з пыльнага куфра рэцэпты: аднаўленне выкарыстання ядзернай энергіі і выкарыстанне сінтэтычнага паліва. Трэба было б больш амбіцыйна падыходзіць да справы!», – адзначае жэнеўская газета.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя