Дайнюс Жалімас: Цывілізаваны свет рыхтуецца да трыбуналу над Лукашэнкам
У Вільні прайшла канферэнцыя, арганізаваная цэнтрам права і дэмакратыі „JusticeHub” разам з Міністэрствам юстыцыі Літоўскай Рэспублікі. На сходзе выступілі Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, прадстаўнікі МЗС Эстоніі, супрацоўнікі ААН і ОБСЕ, эксперты па міжнародным праве.
Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з арганізатарам сустрэчы, кіраўніком Цэнтра права і дэмакратыі „JusticeHub”, што месціцца ў Вільні, Дайнюсам Жалімасам пра тое, наколькі сусветная супольнасць усведамляе неабходнасць Трыбунала над рэжымам Лукашэнкі, у тым ліку і суддзямі, якую справу супраць рэжыму Беларусі вядзе Генеральная пракуратура Літвы і пры якіх умовах можа быць арыштаваны Лукашэнка:
РР: Якія галоўныя вынікі на сённяшні дзень?
– У Вільні адбылася напэўна першая такога кшталту вялікая канферэнцыя, прысвечаная гэтым пытанням. Самае галоўнае дасягненне, гэта тое, што будзе апублікаваны спецыяльны камунікат канферэнцыі, ужо па канкрэтных прававых ацэнках злачынстваў здзейсненых рэжымам Лукашэнкі, ну і канешне ім самім. Па-другое, гэта канешне пытанне, як дасягнуць міжнароднага правасуддзя ў гэтых справах. Мы таксама чакаем спецыяльны аналіз, які падрыхтаваны экспертамі нашага цэнтру. Ён будзе грунтоўны, насамрэч такога пакуль не было падрыхтавана. Калі паглядзець на хаду канферэнцыі, то думаю, што ні ў каго не ўзнікае меркаванняў наконт таго, што дзеянні Лукашэнкі і яго падзельнікаў, а таксама большай паловы суддзяў, пракурораў, іншых супрацоўнікаў, як яны сябе называюць праваахоўных органаў, дзеянні якіх як раз накіраваныя супраць народу. Усе іх дзеянні падпадаюць пад агульнапрынятае паняцце злачынства супраць чалавечнасці. Гэта міжнароднае злачынства, а не проста злачынства перад крымінальным правам канкрэтнай краіны. Гэта злачынства па міжнароднаму праву, супраць усёй міжнароднай супольнасці. Па-першае, там самыя распаўсюджаныя злачынствы супраць чалавечнасці – гэта катаванні, гэта незаконнае пазбаўленне волі, незаконнае па мерках міжнароднага права, яшчэ раз падкрэслю. Так што тут судовыя пастановы беларускіх судоў нічога не легітымізуюць насамрэч, а як раз наадварот суддзі становяцца падазраванымі ў такіх справах. Яшчэ пераслед па палітычных і нацыянальных матывах. Маюцца асобныя выпадкі іншых злачынстваў, такія як забойствы, як сексуальны гвалт, такія як знікненні. Вось пра гэта як раз гаварылася і як мне падаецца, і гэта будзе адлюстравана ў камунікаце, на самой справе ўсе ўдзельнікі канферэнцыі з розных краін і міжнародных арганізацый, як ААН і АБСЕ, яны ўсе згодныя з гэтай ацэнкай. Цяпер пытанне, як дасягнуць міжнароднага правасуддзя. Тут мы пабачым рэкамендацыі, па-першае гэта пашырэнне прымянення ўніверсальнай юрысдыкцыі ў краінах, якія ўжо пачалі крымінальны пераслед у сябе супраць рознага кшталту беларускіх чыноўнікаў, іншых пасадоўцаў. Зразумела, што на дадзены момант няма ніякага міжнароднага суда, які б меў юрысдыкцыю ў адносінах да злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі. Ёсць прапанова пачынаць разглядаць магчымасці стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбунала па злачынствам супраць чалавечнасці ў Беларусі. Мы спадзяемся, што гэтыя дыскусіі, канферэнцыя іх пачынае, што яны далей будуць працягвацца і што такі трыбунал мае перспектыву. Тады гэта забяспечыць тое, што Лукашэнка ды ўсе яго паплечнікі не пазбягуць прававой адказнасці.
З „Госцем Рацыі” – кіраўніком цэнтра права і дэмакратыі „JusticeHub” у Вільні Дайнюсам Жалімасам, камунікавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя, фота цэнтра права і дэмакратыі „JusticeHub”