20 чэрвеня – Міжнародны дзень бежанцаў



Цяжка ўявіць, але дэ-факта на сёння сотні тысяч беларусаў сталіся бежанцамі. Хтосьці гаворыць пра паўмільёна, хтосьці пра дзвесце тысяч.

У кожным разе бежанцаў шмат. І палова з іх жыве ў Польшчы. На другім месцы Літва, на трэцім Грузія, на чацвертым Нямеччына.

Але беларусы жывуць цяпер па ўсім свеце ад Аўстраліі да Канады, ад Паўднёвай Карэі да Чылі.

Самае непрыемнае, што беларусы мусяць даказваць, што на сваёй радзіме маюць небяспеку для сваёй свабоды і адпаведна жыцця і здароўя.

Груба кажучы, пакуль ты не пасядзеў хоць пару сутак, цябе могуць не прызнаць за асобу, якая знаходзіцца ў небяспецы.

А калі ты ўцякаў і не прыхапіў пратаколы пра затрыманне ці ператрус, зноў жа будзеш боўтацца ў нявызначаным статусе.

Усё таму, што па Беларусі няма выразнай калектыўнай пазіцыі.

Вакол Лукашэнкі працягваюцца палітычныя танцы з бубнамі.

Працытую Канвенцыю пра статус бежанцаў ад 1951 году:

«Бежанцы – гэта асобы, якія пакінулі сваю краіну ў сілу абгрунтаваных засцярог стаць ахвярай пераследу паводле прыкметы расы, рэлігіі, грамадзянства, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы альбо палітычных перакананняў». 

Што не так з беларусамі?

Лукашэнка – гэта палітычная праблема.

Матэматычна даказана, што беларусы ў 2020 годзе ў большасці сваёй выступілі супраць Лукашэнкі.

Але палітычна ў Еўропе нас падтрымала толькі Польшча і часткова Літва. У астатнім свеце беларусаў досыць рэгулярна спрабуюць асацыяваць акурат з Лукашэнкам, супраць якога беларусы выступалі.

Чаму так? Проста зручна. Папулізм у палітыцы ніхто не адмяняў.

«З іх тэрыторыі ракеты ляцелі». А як канкрэтна вы хоць бы намінальна падтрымалі беларусаў у 2020 годзе?

«А чаму вы не змагаецеся?» А ў вас у Польшчы між 1981 і 1989  што адбывалася? Ці не рэпрэсіі і масавае бежанства?

«Лукашэнка ваша асабістая справа». А як жа ядзерная зброя? Гучыць парадаксальна, але нават за пару дзясяткаў кіламетраў ад беларускай мяжы людзі могуць не разумець, што Лукашэнка і ягоны рэжым – гэта іх асабістая праблема.

Сучасныя беларускія бежанцы – гэта найперш крэатыўны клас.

Гэта людзі, якія не сядаюць на шыю падаткаплатнікам краін, дзе пасяліліся.

Гэта стваральнікі і інвестары.

Калектыўнаму Захаду трэба раз і назаўсёды вызначыцца па беларусах – мы змагаліся і змагаемся як можам. І дапамога беларусам – гэта і маральна і практычна выгадна кожнаму, хто дэкларуе сваю адданасць прынцыпам дэмакратыі.

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя