Агляд прэсы: Выразны падзел
Кароткая гісторыя любові Пуціна да ядзернай зброі ў Беларусі. Сустрэча з Сі: ці ўвянчаўся поспехам візіт Блінкена ў Кітай? Еўразвяз і міграцыя. У Фінляндыі кааліцыя прадставіла ўрадавую праграму. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
Прэзідэнт Джо Байдэн заявіў, што пагроза выкарыстання тактычнай ядзернай зброі з боку прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна «рэальная», праз некалькі дзён пасля таго, як асудзіў размяшчэнне Расеяй такой зброі ў Беларусі. «Байдэн назваў «абсалютна безадказнай» заяву Пуціна аб тым, што Расея размясціла ў Беларусі сваю першую тактычную ядзерную зброю», – піша брытанская газета The Independent.
„Лукашэнка заявіў, што яго краіна пачала прымаць расейскую тактычную ядзерную зброю, частка якой, паводле яго слоў, у тры разы больш магутная, чым атамныя бомбы, скінутыя ЗША на Хірасіму і Нагасакі ў 1945 годзе.
Разгортванне Расеі з’яўляецца першым перамяшчэннем такіх боегаловак за межамі Расеі пасля падзення Савецкага Саюза. За расейскім разгортваннем уважліва сочаць ЗША і іх саюзнікі, а таксама Кітай, які неаднаразова перасцерагаў ад выкарыстання ядзернай зброі ў вайне ва Украіне», – піша брытанскае выданне.
Падчас свайго візіту ў Кітай дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен сустрэўся са сваім калегам Цінь Ганем і галоўным дыпламатам КНР Ванам І, а ў панядзелак яго прыняў асабіста прэзідэнт Кітая Сі Цзіньпін. Еўрапейская прэса мяркуе, што гэта добры знак, нават на фоне таго, што перамовы пакуль што ніякіх канкрэтных вынікаў не прынеслі. «Прынамсі, быў зададзены вектар на будучыню», – падкрэслівае італьянская газета La Stampa.
«Шмат чаго ніхто і не чакаў, і асаблівых вынікаў не было дасягнута. То не былі перамовы ці саміт, гаворка не ішла пра вайну і мір. Візіт Энтані Блінкена ў Кітай быў усяго толькі праверкай таго, ці здольныя дзве вялікія дзяржавы справіцца з канкурэнцыяй і ўзаемным суперніцтвам. Акрамя таго, што абодва бакі выказалі гатоўнасць працаваць у гэтым напрамку, ніякіх рэальных дасягненняў не было. Як бы там ні было, абраны абедзвюма краінамі шлях можа прывесці да сустрэчы Сі Цзіньпіна і Джо Байдэна яшчэ да канца гэтага года. Учорашняя сустрэча была дыпламатычным ходам, які заклаў аснову для далейшых дыпламатычных крокаў. І гэта немалое дасягненне, улічваючы тое, што пастаўлена на карту», – падкрэслівае італьянскае выданне.
На фоне ўзмацнення жорсткасці еўрапейскага заканадаўства аб прадастаўленні прытулку і катастрофы з крушэннем судна з мігрантамі ля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Грэцыі на старонках еўрапейскай прэсы разгарэліся дэбаты аб тым, як трэба было б надалей выбудоўваць міграцыйную палітыку. Як у большасці сваёй лічаць каментатары, платы і агароджы – не выйсце з сітуацыі. Нямецкая газета Deutschlandfunk крытыкуе новы кампраміс па пытанні прытулку і не лічыць поспехам запланаванае пагадненне з трэцімі краінамі, такімі як Марока, Туніс ці Руанда.
«Гэты намер на доўгую перспектыву ставіць пад пытанне маральныя каштоўнасці, якія з такім гонарам нясе на сваіх сцягах Еўразвяз – і перш за ўсё, Нямеччына. А брудную працу – утрымліваць людзей, якія знаходзяцца ў адчайным становішчы, далей ад Еўропы – даручаюць за шчодрую ўзнагароду рэжымам, якія і ў адносінах да ўласных грамадзян не надта цырымоняцца, што тут казаць пра бежанцаў. І калі ўжо так робіцца, то і казаць аб гэтым трэба адкрыта. Стратэгія ўзвядзення абгароджанай з усіх бакоў крэпасці, прычым любым коштам, у лепшым выпадку ёсць перакладанне праблемы на чужыя плечы, але зусім не яе рашэнне. І гэта таксама частка праўды», – адзначае нямецкае выданне.
Урадавая праграма новай кааліцыі, якая складаецца з кансерватыўнай партыі Нацыянальная кааліцыя, правапапулісцкіх Сапраўдных Фінаў, Шведскай народнай партыі і Хрысціянскіх дэмакратаў, зацверджана: з мэтай скарачэння дзяржаўных выдаткаў на шэсць мільярдаў еўра і зніжэння дзяржаўнага доўгу члены кааліцыі збіраюцца абмежаваць сацыяльныя выплаты. «Што ж, вы самі так прагаласавалі», – такі каментар дае фінская газета Iltalehti.
«Урадавая кааліцыя ў складзе партыі Нацыянальная кааліцыя, партыі Сапраўдныя фіны, Шведскай народнай партыі і Хрысціянскіх дэмакратаў дала абяцанне збалансаваць дзяржбюджэт і палепшыць занятасць у краіне. А гэта азначае сур’ёзныя скарачэнні і ўрэзванні, а таксама жорсткія меры па павышэнні колькасці працуючых. А ці спрацуюць гэтыя жорсткія меры новага ўрада – гэта ўжо іншае пытанне. Але выбаршчыкам партый, якія ўваходзяць у кааліцыю, можна ўжо зараз сказаць наступнае: што вы хацелі, тое і атрымалі. І зараз, пад кіраўніцтвам партыі Нацыянальная кааліцыя, усе гэтыя перадвыбарныя абяцанні выконваюцца. Сапраўдныя фіны зоймуцца ўзмацненнем жорсткасці міграцыйнай палітыкі, Шведская народная партыя ўмацуе становішча шведскамоўных, а Хрысціянскія дэмакраты зоймуцца пытаннямі сям’і», – гіранізуе фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя