Падляшша, Вармія, Мазуры: буслы пад асаблівай увагай
Засуха, якая пануе ў паўночна-ўсходняй частцы Польшчы, наносіць шкоду буслам, у якіх усё менш месцаў для кармлення. З гэтай прычыны дарослыя птушкі выкідваюць птушанят з гнёздаў, што фіксуюць на Падляшшы, Варміі і Мазурах арнітолагі з Польскага таварыства аховы птушак.
Кажа прадстаўніца Падляшскага Аддзялення Таварыства Эдзіта Каповіч:
– Да нас даходзіць інфармацыя, што з бусламі ў гэтым годзе горш. Шмат птушанят пачынаюць выкідваць з гнёздаў, больш чым звычайна. Калі яны не ў стане выхаваць цэлага патомства, то частку маладых выкідваюць з гнязда. У гэтым годзе цяжкія ўмовы – засуха.
Менеджарка „Зялёнага Тэлефона” – бясплатнай інфалініі па рашэнні экалагічных праблем Паліна Бурко патлумачыла, што звычайна буслы адмыслова выкідваюць птушанят з гнёздаў у 10% працэнтаў выпадкаў:
– Для прыроды гэта тыповая сітуацыя, такое рэальна можа адбывацца і ў гэтым нічога такога няма. Тут хутчэй праблема ў кліматычных зменах, якія адбываюцца. Буслы так робяць калі, напрыклад, засуха, у іх не хапае ежы. Яны пачынаюць выкідаць птушанят, бо не могуць іх выкарміць. Зараз мы назіраем, па-мойму, рэкорд, што ўвогуле няма дажджоў.
Паводле арнітолагаў, знойдзеных птушанят бусла варта перадаваць у мясцовы цэнтр дапамогі дзікім птушкам. Пры гэтым спецыялісты не раяць жыхарам Падляшша адмыслова падкормліваць дарослых буслоў.
Беларускае Радыё Рацыя