Пераслед старшыні Фонду «Беларускі дом» Алеся Зарэмбюка (абноўлена)



Грамадскі і палітычны актывіст ужо шмат гадоў жыве ў Польшчы ў вымушанай эміграцыі. Сёння ў сваім акаўнце ў Фейсбуку ён напісаў, што ў яго родным доме ў Мастах прайшлі ператрусы. Кажа Алесь Зарэмбюк:

Шчыра кажучы, гэта было вельмі знянацку. Сёння раніцай патэлефанавалі майму тату са Следчага камітэту з Гародні і сказалі, што мы павінны вас у рамках трох крымінальных справаў дапытаць па месцы жыхарства. І прыехалі з Гародні ў Масты ў дом, дзе я нарадзіўся і вырас. І дапытвалі там майго тату. Зрабілі ператрус. Праверылі яго тэлефон на наяўнасць экстрэмісцкіх каналаў, таксама паказалі яму мае здымкі, запыталі, ці гэта я, пыталіся, калі я апошні раз прыязджаў у Беларусь.

13 гадоў таму на Алеся Зарэмбюка ў Беларусі пачалі палітычную крымінальную справу, з таго часу актывіст знаходзіцца за межамі Беларусі. Ранейшая крымінальная справа была закрытая з-за адсутнасці складу злачынства.

***

Пераслед старшыні Фонду «Беларускі дом» Алеся Зарэмбюка.

Грамадскі і палітычны актывіст ужо шмат гадоў жыве ў Польшчы ў вымушанай эміграцыі. Сёння, 21 чэрвеня, у сваім акаўнце ў Фейсбуку ён напісаў наступнае:

“Сёння па месцы майго жыхарства і прапіскі ў Мастах прайшлі два ператрусы. Прадстаўнікі Следчага камітэту з Гародні дапыталі тату, зараз дапытваюць у царкве маму (мама – настаўніца – вядзе ў царкве заняткі з дзеткамі). Супраць мяне распачалі 3 крымінальныя справы”, – напісаў Алесь Зарэмбюк.