140 гадоў Аляксандру Цвікевічу



22 чэрвеня спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння палітычнага дзеяча БНР і БССР, гісторыка, філосафа і публіцыста Аляксандра Цвікевіча (1883-1937).

Аляксандр Цвікевіч нарадзіўся ў Берасце ў сям’і фельчара чыгуначнай бальніцы. Скончыў юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, да 1914 года працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Берасце. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны знаходзіўся ў бежанстве ў Туле, дзе прымаў актыўны ўдзел у працы камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 годзе ў Маскве стаў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады.

Аляксандр Цвiкевiч удзельнічаў у рабоце Першага Усебеларускага з’езда, быў абраны сакратаром прэзідыума, ад бежанцаў-беларусаў уваходзіў у склад Рады з’езда. У студзені 1918 года выканкам Першага Усебеларускага з’езда накіраваў Аляксандра Цвікевіча разам з Сымонам Рак-Міхайлоўскім на мірныя перамовы ў Берасце. Не атрымаўшы дазволу ўдзельнічаць у перамовах асобнай дэлегацыяй, Аляксандр Цвікевіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі вымушаны былі ўвайсці ў дэлегацыю УНР у якасці дарадцаў.

У канцы сакавіка 1918 года быў накіраваны ў Кіеў у складзе надзвычайнай дыпламатычнай місіі. Падчас дзейнасці місіі Аляксандр Цвікевіч вырашаў пытанні беларуска-ўкраінскай мяжы, дамагаўся прызнання адроджанай беларускай дзяржаўнасці і перагляду Берасцейскага міру, вёў перамовы з місіямі іншых дзяржаў наконт фінансавай дапамогі ўраду БНР. Пад яго кіраўніцтвам у Кіеве быў наладжаны выпуск газеты “Белорусское эхо”, арганізавана Беларуская гандлёвая палата.

29 мая 1918 года беларуская місія звярнулася да расейскай мірнай дэлегацыі і падала яе кіраўніку Ракоўскаму ноту, падпісаную Аляксандрам Цвікевічам і Мітрафанам Доўнар-Запольскім, гаворачы аб патрэбе прызнання расейскім савецкім урадам незалежнасці Беларусі.

У 1918 годзе ў Кіеве ён выдае брашуру “Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики”, у якой дае кароткую даведку з гісторыі апошніх этапаў беларускага нацыянальна-палітычнага руху і адлюстроўвае ўсю справядлівасць барацьбы беларусаў за сваю дзяржаўнасць.

У ліпені 1918 года Аляксандр Цвікевіч увайшоў у склад кіраўнічых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў.

Вясной 1919 года ўрад БНР накіроўвае Аляксандра Цвікевіча ў Берлін, дзе ён павінен быў вырашаць фінансавае пытанне – атрымаць па акрэдытыве ўкраінскую пазыку. З мэтай азнаёміць замежнага чытача з Беларуссю і яе нацыянальным рухам, Аляксандр Цвікевіч у 1921 года ў Берліне на рускай мове выдае брашуру “Беларусь: палітычны нарыс”. Пасля адмовы германскіх улад выдаць грошы, ездзіў у Вену, каб атрымаць частку з іх у аўстрыйскім банку.

З 1921 па 1923 гады Аляксандр Цвікевіч займаў пасаду міністра замежных спраў ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага. Быў старшынёй Першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе, якая адбывалася ў верасні 1921 года. На гэтай канферэнцыі ў ягонай рэдакцыі была прынята рэзалюцыя па віленскім пытанні. З нагоды акупацыі польскімі войскамі Заходняй Беларусі, Аляксандр Цвікевіч у 1921 годзе напісаў кнігу “Адраджэньне Беларусі і Польшча”, дзе прыйшоў да высновы, што галоўныя інтарэсы, якімі кіраваліся палякі пры захопе тэрыторыі Беларусі, былі не столькі палітычныя, колькі эканамічныя.

У 1922 годзе Аляксандр Цвікевіч разам з Вацлавам Ластоўскім зрабілі спробу ўключэння беларускага пытання ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі.

У 1923 годзе ў сувязі з нязгодай часткі беларускіх грамадскіх і палітычных дзеячоў з палітыкай урада БНР Вацлава Ластоўскага, быў сфарміраваны новы ўрад БНР на чале з Аляксандрам Цвікевічам. Падчас сваёй працы ў Коўне ва ўрадзе БНР Цвікевіч шмат друкуецца ў беларускіх газетах і часопісах, пераважна ў часопісе “Беларускі сьцяг”. З-пад яго пяра выходзяць такія палымяныя артыкулы і эсэ, як “Да пытаньня аб незалежнасьці Беларусі”, “Беларусь перад Гэнуэзскай канфэрэнцыяй”, “Усе дарогі вядуць у Беларусь”, “Эўразійцы” і г. д. Падпісваецца ў асноўным крыптонімам А. Ц. ці псеўданімамі Алесь Галынец, Алесь Незалежны. Там жа ў Коўне ён выдае манаграфію “Погляд П. Бяссонава на беларускую справу”.

На Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне ў 1925 годзе пад уздзеяннем поспехаў і дасягненняў палітыкі беларусізацыі ў БССР Аляксандр Цвікевіч прыняў рашэнне аб спыненні дзейнасці Рады міністраў БНР і прызнанні Менска адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусі. У лістападзе 1925 года Аляксандр Цвікевіч з сям’ёй пераехаў у Менск. Пасля пераезду ў БССР працаваў у Наркамаце фінансаў, потым – вучоным сакратаром у Інбелкульце.

У 1926 годзе ў Рызе выходзіць наступная праца Аляксандра Цвікевіча “Вялікае апрашчэньне ці вялікае ўдасканаленьне?”. Увесь змест гэтай кнігі быў звернуты да той часткі інтэлігенцыі, якая скептычна і адмоўна адносіцца да беларускага нацыянальнага адраджэння.

З 1929 года працаваў у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук. Была надрукавана фундаментальная навуковая праца Аляксандра Цвікевіча “Западно-руссизм: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў XIX і пачатку XX в.” У ёй аўтар зрабіў аналіз ідэалогіі і практыкі русіфікацыі Беларусі ў перыяд Расейскай імперыі, даў ацэнку розным накірункам “заходнерусізму”. Фактычна адразу пасля выхаду гэтая кніга была забаронена, а амаль увесь яе наклад быў знішчаны. Ацалела толькі некалькі кніг у прыватных зборах, што дало магчымасць перавыдаць яе ў 1993 годзе. Аляксандр Цвiкевiч з’яўляецца аўтарам 6 манаграфій і брашур, а таксама шматлікіх артыкулаў, эсэ і публікацый у тагачасным беларускім друку. Даследаваў праблемы нацыянальна-дэмакратычнага Адраджэння, фарміравання грамадска-палітычнай думкі на Беларусі, станаўлення і развіцця дзяржаўнасці і самасвядомасці беларускага народа.

4 ліпеня 1930 года быў арыштаваны і абвінавачаны па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. 10 красавіка 1931 года асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Па пастанове Калегіі АДПУ СССР высланы ў Перм. Адбываў ссылку спачатку ў Пярмі, Ішыме, потым у Сарапуле (Удмуртыя). У 1935 годзе тэрмін ссылкі падоўжаны на 2 гады. 17 снежня 1937 года арыштаваны паўторна ў Сарапуле, дастаўлены ў Менск і прыгавораны да расстрэлу. 30 снежня 1937 года Аляксандр Iванавiч Цвікевіч быў расстраляны ў Менску. Рэабілітаваны па першым прыгаворы 10 чэрвеня 1988 года, па другім – 31 мая 1989 года.

Беларускае Радыё Рацыя