Зміцер Плячко пра першы беларускі мотавела пікнік



Пад Варшавай на месцы былога замку хутка адбудзецца першы беларускі мотавела пікнік. Падзея пройдзе ўжо ў гэтыя выходныя, 24 і 25 чэрвеня.

Сённяшні „Госць Рацыі” – ідэйны натхняльнік і арганізатар імпрэзы Зміцер Плячко.

Нашаму карэспандэнту ён распавёў, што будзе ўяўляць сабой дэбютная падзея, а таксама як гэта – быць кіроўцам матацыклу ў Польшчы.

РР: Як з’явілася ідэя правесці такі мотавела пікнік?

– Ідэя насамрэч вельмі простая і відавочная. Байкеры заўсёды стараюцца збірацца. У нас быў чацік, які быў створаны ў 2020 годзе, калі мы пазнаёміліся пад амбасадай. З таго часу пачалі свае зносіны, людзі пачалі падключацца. Захацелася падцягнуць яшчэ людзей і пазнаёміцца.

РР: Вы робіце не ў Варшаве, а пад Варшавай?

– Атрымалася так таму, што ў тым годзе паехаў я з жонкай катацца на матацыкле, каб наведаць розныя замкі, не замкі. Гляджу на мапе нейкі чарговы замак, пад’ехалі туды, аказалася, што там прыватная тэрыторыя. Гаспадар пускае на сваю тэрыторыю і праводзіць экскурсіі. На жаль там ад замка мала чаго засталося, толькі парэшткі. Пабачыў, што мы на матацыкле, што беларусы, зразумеў. Спытаў ці маем нейкі мотаклуб, сяброў нейкіх, каб прыязджалі да яго. Я на той момант увогуле пра гэта не думаў. Сказаў, што клубу няма, людзей у прынцыпе не так і шмат, не ўспрыняў гэта сур’ёзна. Пасля праз некаторы час падумаў, што чаму б і не, бо ўсё ж такі людзі ёсць, іх можна туды падцягнуць, так і пайшло. Пазней таксама хтосьці яшчэ кажа: „Давай правядзем злёт”. Пазней яшчэ адзін чалавек: „Давай зробім”. Трэба нешта рабіць, трэба рухацца. Чаму там. Так выпадкова атрымалася, што чалавек сам да сябе запрасіў. У гэтым годзе да яго паехалі з такім канкрэтным пытаннем, што хочам правесці. Ён згадзіўся, запрасіў нас. У горадзе злёт не зладзіш, месца патрэбна вольнае. У яго там усё ёсць.

РР: Ці могуць далучыцца людзі ў якіх няма матацыкла ці ровара?

– Пешаходы? Ну канешне. Мы запрашаем усіх, бо кожны пешаход калісьці можа стаць раварыстам, байкерам, кім захоча. Без праблем, запрашаем.

РР: Якая праграма будзе на вашым мерапрыемстве?

– Музыка, конкурсы. Мы запрасілі гурт „23.34”, таксама Піт Паўлаў таксама пацвердзіў, што будзе. Можна было і больш людзей запрасіць, але бюджэт, у нас няма такіх спонсараў, гэта ўсё за свой кошт. Таму магчыма ў наступным годзе гэта будзе больш маштабна. Музыкі самі мне пісалі, прасілі іх узяць, але пакуль у тэставым рэжыме будзем рабіць. Таксама ў нас ёсць дзяўчына, якая спецыялізуецца па народных абрадах. Як раз Купалле будзе, сонцастаянне, таму будуць традыцыйныя конкурсы, абрады. Яна ўсё гэта зладзіць.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

З арганізатарам Першага беларускага мотавела пікніку пад Варшавай Зміцерам Плячко размаўляла наш карэспандэнт Марына Савіцкая.

Падрабязней пра імпрэзу можна даведацца па спасылцы.

Беларускае Радыё Рацыя