Сасновіч абыграла Азаранку ў першым крузе тэніснага турніру ў Берліне



Дзве беларускі змагаліся ў першым раундзе тэніснага турніру WTA-500 у Берліне: 70-я ракетка планеты Аляксандра Сасновіч перамагла Вікторыю Азаранку, якая займае 19-е месца ў сусветным рэйтынгу. Матч стартаваў увечары 20 чэрвеня, аднак з-за наступу цемры гульню прыпынілі ў пачатку другой партыі. Паядынак аднавілі 21 чэрвеня. Яго вынік – 6:4, 6:4 на карысць Сасновіч. У 1/8 фіналу Сасновіч сустрэнецца з грэчаскай тэнісісткай Марыяй Сакары.

„Тарпеда-БелАЗ” даведалася саперніка па Лізе канферэнцый

Апошнім з беларускіх клубаў свайго саперніка па еўратурніры даведалася „Тарпеда-БелАЗ”. А ўсё таму, што жодзінцы атрымалі права адразу стартаваць у другім кваліфікацыйным раундзе футбольнай Лігі канферэнцый. Дарэчы, у гэтым турніры яны згулялі і ў мінулым сезоне, але вылецелі адразу ж, двойчы яны былі разгромлены дацкім „Капенгагенам”. А сёлетні старт будзе для „Тарпеда-БелАЗа” ўжо пятым на еўрапейскай арэне. У выніку „Тарпеда” згуляе з грэчаскім АЕК, які, дарэчы, некалькі гадоў таму прайшоў менскае „Дынама”. Першы матч адбудзецца 27 ліпеня, матч у адказ — 3 жніўня.

Футбалісты Грузіі перамаглі партугальцаў на старце маладзёжнага ЧЕ

На футбольных арэнах Грузіі і Румыніі стартаваў фінальны этап маладзёжнага чэмпіянату Еўропы. У Тбілісі супернікі беларусаў па кваліфікацыі наступнага маладзёжнага першынства кантынента футбалісты Партугаліі нечакана прайгралі камандзе Грузіі з лікам 0:2. У іншым паядынку групы А зборныя Нідэрландаў і Бельгіі не выявілі пераможцу – нічыя 0:0. Каманда Харватыі – яшчэ адзін апанент беларускай „маладзёжкі” – у Бухарэсце пацярпела паразу ад украінцаў  0:2. У заключным паядынку першага гульнявога дня ў групе В  зборная Іспаніі разграміла румынаў 3:0.

Гюндаган пераходзіць у „Барселону”

Нямецкі паўабаронца „Манчэстэр Сіці” Ілкай Гюндаган дамовіўся аб пераходзе ў іспанскую „Барселону”. „Барселона” атрымала дазвол на рэгістрацыю паўабаронцы ў якасці пачаткоўца каманды, пасля чаго 32-гадовы гулец даў згоду на трансфер, паведамляе ў сваім Twitter Фабрыцыа Рамана. Нямецкі хаўбек пакідае „Манчэстэр Сіці” у якасці вольнага агента. Ён ужо падпісаў з „Барселонай” кантракт на два гады з опцыяй падаўжэння яшчэ на адзін. У мінулым чэмпіянаце Англіі Гюндаган правёў 31 матч і забіў 8 галоў, аддаўшы 4 галявыя перадачы.

Смірноў папоўніў склад ХК „Дынама-Менск”

Расейскі абаронца Мікіта Смірноў папоўніў склад менскага „Дынама”. 20-гадовы хакеіст перайшоў у менскае „Дынама” на правах арэнды і правядзе сезон КХЛ у складзе беларускага клуба, паведамляе прэс-служба „зуброў”. Ураджэнец Кузнецка, пачаў займацца хакеем у мясцовай школе, затым у пензенскім „Дызелі”. У 14 гадоў перайшоў у сістэму піцерскага СКА. У 2019 годзе Смірноў дэбютаваў у МХЛ у складзе „СКА-Варагаў”, затым выступаў за „СКА-1946”. Разам з „сорак шостымі” выйграў Кубак Харламава ў сезоне 2021/2022. У кастрычніку 2021 года правёў першы матч у КХЛ за СКА. Праз месяц дэбютаваў у складзе зборнаgggй Расеі, калі правёў два матчы на Кубку Кар’яла.

Беларускае Радыё Рацыя